viasna on patreon

Суд адмовіўся зьмяніць меру стрыманьня для ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які 20 дзён галадае ў гарадзенскім СІЗА.

2005 2005-11-04T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Зьняволены разам зь ягонымі адвакатамі прасіў вызваліць яго на час сьледзтва, зьмяніўшы меру стрыманьня. Аднак Ленінскі раённы суд сёньня пакінуў усё бяз зьменаў.

Мікалая Аўтуховіча арыштавалі 14 кастрычніка ў Горадні. Яго абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму налічылі недаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкулу 243, ім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць, паведамляе "Радыё Свабода".

Мікалай Аўтуховіч за два гады правёў тры галадоўкі пратэсту, двойчы яго падтрымалі кіроўцы таксовак, таму акцыі рабіліся масавымі, у іх удзельнічалі больш за трыццаць чалавек. Першая галадоўка адбылася ў кастрычніку 2003 году, другая — увесну сёлета, апошняя — пры канцы верасьня. Прадпрымальнік пратэставаў супраць штрафных санкцыяў, накладзеных падатковай службай, а два гады таму і супраць арышту таксовак, якія яму належаць. Спадар Аўтуховіч таксама змагаўся за скасаваньне штрафных санкцыяў, якія дасягнулі амаль мільёну даляраў, у судах. Пры канцы верасьня Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду пастанавіў накіраваць справу прадпрымальніка на новы разгляд, і ён спыніў галадоўку. Аднак супраць яго распачалі крымінальную справу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства