Калегі журналіста Васіля Гроднікава не выключаюць, што яго смерць звязаная з рыхтаванай ім публікацыяй
Пра гэта паведаміла прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Не выключана, што смерць журналіста Васіля Гроднікава звязаная з яго працай над артыкулам "Кідалы-3" - працягам серыі публікацый, дзе ўзгадваліся такія ведамствы, як КДБ і МУС. Гэткую версію вылучае газета "Згода" (№39 за 29 кастрычніка - 5 лістапада) у артыкуле "Бескампрамісная смерць".
Па інфармацыі выдання, два папярэднія артыкулы з серыі "Кідалы" былі прысвечаныя кватэрным махінацыям ў Маладзечне. В. Гроднікаў збіраўся ў бліжэйшы час прыехаць у гэты горад на некалькі дзён, каб збіраць матэрыял для новай публікацыі.
Паводле "Згоды", у нататніку, які ляжаў на стале ў доме Гроднікава, на першай старонцы быў накіданы план артыкулу з рабочай назвай "Забраніраваны офіс, альбо Некалькі бескампрамісных пытанняў прэзідэнту рэспублікі і яго падначаленым службам".
Аўтары публікацыі "Бескампрамісная смерць" таксама ставяць пад сумнеў аргументы следчых, якія дагэтуль не завялі крымінальнай справы па факце гібелі Гроднікава на падставе таго, што, маўляў, дом быў зачынены знутры, а вокны - цэлыя. "Вокны не зусім цэлыя", - піша газета. "На кухні, дзе быў знойдзены журналіст, пашкоджана ўнутранае шкло. Вялікая трэшчына разыходзіцца промнямі. Яе, як зазначаюць родныя, раней не было".
Журналісты, якія наведалі месца падзеяў, звяртаюць увагу шмат на якія іншыя дэталі: зламаная табурэтка, у якой акрываўленыя і сядзенне, і ножка; рассыпаныя на кухні крупы і запалкі (вялікая колькасць паленых); сляды крыві палосамі ў самых розных месцах дома і г.д.
"Калі гэта і побытавая версія, то, складаецца ўражанне, з прысутнасцю пабочных асобаў. У любым выпадку трэба ўзбуджаць крымінальную справу", - такое меркаванне былога следчага пракуратуры Алега Волчака прыводзіць газета "Згода".