viasna on patreon

Гродзенская міліцыя затрымала 3400 асобнікаў "Народнай волі"

2005 2005-11-01T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увечары 31 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі затрымалі машыну з трыма прадстаўнікамі Гродзенскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, у багажніку якой знаходзіліся 3 400 асобнікаў газеты "Народная воля". Міліцыя заяўляе, што аддасць газеты толькі пасля прад'яўлення прадстаўнікамі АГП таварна-транспартных накладных і дамовы паміж рэдакцыяй і АГП на распаўсюд выдання. Пра гэта прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" паведаміў адзін з затрыманых Юрый Істомін.
Аўтамабіль быў спынены супрацоўнікамі ДАІ для праверкі дакументаў ў 15 км ад Гродна. У машыне, акрамя Ю. Істоміна, знаходіліся кіраўнік Гроденскага аддзялення АГП Уладзімір Чарвоненка і сябра партыі Артур Смятанін. Міліцыянты адразу запатрабавалі адчыніць багажнік і, убачыўшы ў ім пачкі "Народнай волі", выклікалі па рацыі нарад міліцыі з Гродна. (Сябры АГП не выключаюць, што выкліканыя міліцыянты чакалі непадалёк, бо прыехалі ўсяго за некалькі хвілін). Прадстаўнікі праваахоўных органаў прагледзелі выходныя дадзеныя газеты, сфатаграфавалі салон і багажнік машыны, склалі пратакол агляду аўтамабіля і прапанавалі сябрам АГП праехаць з імі у Гродзенскае РАУС. Там быў складзены пратакол выняцця накладу "Народнай волі". Пасля гэтага прадстаўнікоў АГП адпусцілі, заявіўшы, што аддадуць газеты пасля прадастаўлення дакументаў, якія б пацвярджалі іх права на распаўсюд і перавозку выдання.
Паміж рэдакцыяй выдання і АГП заключаная дамова на распаўсюд "Народнай волі", якую сябры АГП маюць намер прад'явіць начальніку Гродзенскага РАУС 1 лістапада.
Калі на ўзроўні Гродзенскага РАУС пытанне не вырашыцца, яны збіраюцца звяртацца ў раённую пракуратуру і суд. Сябры АГП акцэнтуюць увагу на тым, што газеты былі прызначаныя для бясплатнага распаўсюду, пра што сведчыў штамп на кожным з асобнікаў: "Для рэкламных мэтаў".
Нагадаем: з 4 лістапада "Народная воля" вымушаная друкавацца ў расійскім Смаленску з прычыны таго, што з ёй адмовіліся супрацоўнічаць усе беларускія друкарні. Асноўная частка накаду распаўсюджваецца па падпісцы, а некалькі тысяч - бясплатна - з дапамогай грамадскіх арганізацый і партыйных структур.
Асноўную частку затрыманага ў Гродна накладу (3 200 асобнікаў) складаў суботні нумар "Народнай волі".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства