viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: “Міністэрства адукацыі павінна адпаведным чынам адрэагаваць на дзеяньні свайго супрацоўніка”

2010 2010-01-19T10:12:16+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

15 студзеня начальніца ўпраўленьня адукацыі Мінскага аблвыканкама Таіса Данілевіч выклікала да сябе шасцёра настаўнікаў, якія з’яўляліся прадстаўнікамі розных палітычных партый, і ў катэгарычнай форме запатрабавала ад іх альбо спыніць членства ў партыі, альбо звольніцца з працы ўласнаручна. На думку чыноўніцы, яны не маюць права працаваць у школах.

Да Данілевіч, разам з кіраўнікамі райана, былі выкліканыя настаўнікі Натальля Ільініч (Талька, БНФ), Мікола Ляшчун (Лагойск, БНФ), Алесь Язьвінскі (Нясвіж, КХП-БНФ), Уладзімір Парэйка (Нясвіжскі раён, БСДП),  Сяргей Клімёнак (Вілейка, АГП), і Надзея Агафонава (Любань, АГП).

Як паведамляе "Радыё Свабода", “двое настаўнікаў з тых шасьці, ад якіх у Менскім аблвыканкаме патрабавалі да 18 студзеня вызначыцца — быць сябрам партыі альбо звольніцца з працы, зьвярнуліся ў пракуратуру з заявай на незаконныя дзеяньні чыноўнікаў. Аналягічныя заявы падалі старшыні дзьвюх менскіх абласных партарганізацыяў — БНФ і АГП. У Міністэрстве адукацыі адмовіліся пракамэнтаваць сваю пазыцыю ў справе ціску на настаўнікаў.

Кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю Міністэрства адукацыі Віктар Іўчанкаў адмовіўся праз тэлефон адказаць на пытаньне, як ставіцца Міністэрства адукацыі да таго, што некаторых настаўнікаў, якія зьяўляюцца сябрамі зарэгістраваных у Міністэрстве юстыцыі партыяў, прымушаюць падаць заяву аб выхадзе з партыі альбо звальняцца з працы.
Сакратарка ў прыёмнай загадчыцы ўпраўленьня адукацыі Менаблвыканкаму паведаміла, што Таіса Данілевіч, якая 15 студзеня пагражала настаўнікам-актывістам, знаходзіцца на выязным паседжаньні ў Маладэчне.”

Сваю пазіцыю выказваюць таксама і кіраўнікі тых партый, сябрамі якіх з’яўляюцца вышаэйпамянёныя настаўнікі. Так, старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Вінаградаў і старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімер Малярчук накіравалі са свайго боку адпаведныя заявы ў пракуратуру Менскай вобласьці. Яны просяць пракуратуру даць прававую ацэнку дзеяньням чыноўнікаў Менаблвыканкаму і зрабіць адпаведныя захады, каб прадухіліць ціск на настаўнікаў з боку чынавенства.

 

Сябра праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Cтэфановіч адназначна расцэньвае факт уціску на настаўнікаў, як самую натуральную праяву парушэньня правоў чалавека і найперш Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:

“Асноўны Закон гарантуе кожнаму права быць сябрам якой-небудзь палітычнай партыі, ці грамадскай арганізацыі, мець уласныя палітычныя перакананьні,  Таму гэты факт можна назваць дыскрымінацыяй грамадзян па палітычных матывах у працоўных адносінах. Такая дыскрымінацыя забараняецца як Канстытуцыяй, так і арт.14 Працоўнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Ніводзін вядомы заканадаўчы акт краіны не забараняе настаўнікам быць сябрамі палітычных партый.  Адзінае абмежаваньне маецца толькі для ваеннслужачых, пракурораў і суддзяў, якім не дазваляецца быць сябрамі партый.

У артыкуле 3 “Закона аб палічычных партыях” таксама гаворыцца пра пра тое, што прыналежнасьць альбо непрыналежнасьць грамадзяніна да палітычнай партыі не можа служыць падставай для абмежаваньня ягоных  правоў і свабодаў, у дадзеным выпадку права на працу.

Прааабаронцы лічаць, што настаўнікі павінны неадкладна звярнуцца ў пракуратуру са скаргай на незаконьныя дзеяньні начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама, паколькі яна груба парушыла законныя канстытуцыйныя правы грамадзян.

“Нам падаецца, што гэты націск на настаўнікаў зьвязаны з мясцовымі выбарамі, дата якіх прызначаная.  Гэта вельмі прыкрая практыка і мы спадзяемся, што гэта не з’яўляецца пазіцыяй Міністэрства адукацыі, а толькі прыватнай ініцятывай чыноўніцы. Бо з аднаго боку старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заклікае палітычныя партыі праявіць большую актыўнасьць на гэтых выбарах, вылучыць дастойных кандыдатаў, а з другога боку чыноўнікі пачынаюць пагражаць людзям, якія магчыма зьбіраліся, ці зьбіраюцца браць удзел у мясцовых выбарах і прымушаюць іх пакідаць палітычныя партыі.” – лічыць Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы спадзяюцца, што Міністэрства адукацыі зробіць адпаведныя высновы і належным чынам адрэагуе на дзеяньні свайго супрацоўніка і абароніць законныя інтарэсы грамадзян.

 

Ніжэй - тэкст скаргі ў Пракуратуру Мінскай вобласці, падрыхтаваны з дапамогай юрыстаў Праваабарончага цэнтру "Вясна":

 

Пракурору Мінской вобласці

Ільініч Наталлі Валянцінаўны, якая пражывае па адрасе:

Мінская вобласць, Пухавіцкі р-на, в. Талька, вул. Васільева, д.18

Заява

Я, Ільініч Наталля Валянцінаўна, працую настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства ў Талькаўскай сярэдняй школы і маю настаўніцкі стаж 25 гадоў, які я адпрацавала ў гэтай школе.

15 студзеня 2010 года я была выкліканая ў абласное ўпраўленне адукацыі Мінскай вобласці разам з начальнікам аддзела адукацыі Пухавіцкага р-на Шастаковай Аленай Аляксандраўнай. Прычыну майго выкліку ў абласное ўпраўленне мне не патлумачылі. Калі я прыйшла ў абласны аддзел адукацыі мне сказалі прайсці да начальніка аддзела Данілевіч Таісы Іванаўны. У прыёмнай я убачыла яшчэ пяць настаўнікаў з розных раёнаў Мінскай вобласці і начальнікаў аддзелаў адукацыі адпаведных раёнаў.

Начальнік абласнога аддзела адукацыі Данілевіч Т.І. па адным выклікала прысутных настаўнікаў разам з начальнікамі адзелаў адукацыі адпаведных раёнаў. Праз пэўны час мяне і начальніка Пухавіцкага РАА Шастакову А.А. таксама выклікалі ў кабінет, у якім акрамя Данілевіч Т.І. прысутнічалі яшчэ тры яе намеснікі, а таксама сакратар. Данілевіч заявіла мне, што настаўнік Мінскай вобласці не мае права быць членам апазіцыйнай партыі, бо зарплату настаўнікі атрымліваюць ад дзяржавы, працуючы ў дзяржаўнай школе. Таксама мне было ўказана на тое, што я разам з інышмі жыхарамі в. Талька звярталася са скаргай у дзяржаўныя органы  супраць ліквідацыі Талькаўскага сельсавета.

Пры гэтым Данілевіч Т.А. размаўляла са мной на падвышаных танах, месцамі зрываючыся на крык, грубіла. Данілевіч Т.А. загадным тонам сказала напісаць мне заяву аб выхадзе з палітычнай партыі ці ў адваротным выпадку напісаць заяву аб звальненні са школы па ўласным жаданні. Пры гэтым я павінна зрабіць свой выбар да 18 студзеня гэтага году. Таксама Данілевіч Т.І. абавязала  начальніка Пухавіцкага РАА Шастакову А.А. прывезці ёй копію пратакола партыйнага сходу аб выключэнні мяне з партыі не пазней 20 студзеня гэтага года.

Калі я паспрабавала ўказаць Данілевіч Т.І. на тое, што яе дзеянні, скіраваныя на фактычны прымус мяне адмовіцца ад сяброўства ў палітычнай партыі, носяць незаконны характар, яна паўтарыла, што я як сябра апазіцыйнай партыі не маю права працаваць у дзяржаўнай школе.

Я з’яўляюся сябрам Партыі БНФ, якая  афіцыйіцыйна зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Я, як сябра гэтай палітычнай партыі, падтрымліваю яе палітычную праграму і маю адпаведныя погляды і перакананні. Аднак пры гэтым падчас сваёй прафесійнай дзейнасці я ніколі не навязваю і не прапагандую свае погляды сярод вучняў. За ўсе 25 гадоў працы ў Талькаўскай сярэдняй школе я не мела ніякіх дысцыплінарных спагнанняў, як настаўнік, маю вышэйшую катэгорыю і шматлікія дыпломы і падзякі за перамогі ў конкурсах па гісторыі і краязнаўству маіх вучняў.

Што датычыцца маіх палітычных поглядаў і пераканняў, гэта з’яўлеяцца маім правам і ніхто не можа прымушаь мяне адмовіцца ад іх. Дадзенае права гарантаванае мне арт. 33 і 36 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Таксама варта адзначыць, што ніводзін нарматыўны акт Рэспублікі Беларусь не забараняе мне, як настаўніку, быць сябрам палітычнай партыі.

Патрабаванне Данілевіч Т.І аб маём тэрміновым выхадзе з партыі ці звальненні з працы лічу праявай дыскрымінацыі па палітычных поглядах. Дыскрымінацыя грамадзянаў, у тым ліку ў сферы працоўных адносінаў, забаронена дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Так, паводле арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

Таксама, паводле арт. 3 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” прыналежнасць ці непрыналежнасць грамадзяніна да палітычнай партыі не могуць служыць падставай для абмежавання яго правоў і свабодаў.

Паводле арт. 14 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь дыскрымінацыя, г.зн. абмежаванне ў працоўных адносінах ці атрыманне якіх-небудзь перавагаў у залежнасці ад пола, расы, нацыянальнага паходжання, мовы, рэлігійных ці палітычных перакананняў, маймаснага ці службовага паходжання, недахопаў фізычнага і псіхічнага характар, якія не перашкаджаюць выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, забаронена.

Лічу таксама недапушчальным пераслед грамадзянаў за тое, што яны звярталіся са скаргамі і зваротамі ў дзяржаўныя органы, якія ўтрымлівалі прапановы і крытыку. Я сапраўды звярталася са скаргай у Пухавіцкі раённы Савет дэпутатаў і ў Мінскі абласны Савет дэпутатаў. У гэтых скаргах я і іншыя жыхары в. Талька выказвалі сваю нязгоду і крытыку з нагоды прынятага рашэння аб ліквідацыі Талькаўскага сельскага савета. Хачу нагадаць, што адказнасць за пераслед грамадзянаў за крытыку прадугледжана і дзеючым Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Лічу, што дзеянні начальніка Мінскага абаласнога адзела адукацыі Данілевіч Т.І. у дачыненні да мяне носяць незаконны зарактар і парушаюць мае законныя канстытуцыйныя правы,  з’яўляўцца праявай палітычнаматываванай дыскрымінацыі і пераследу

У звязку з вышэйуказаным, кіруючыся Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры”, я прашу:

  1. Правесці пракурорскую праверку ўказанай мной інфармацыі.
  2. Прыняць меры пракурорскага рэагавання, скіраваныя на абарону маіх законных правоў.
  3. Пісьмова паведаміць мне аб выніках разгляду заявы і азнаёміць мяне з вынікамі праверкі па ёй.

 

16.01.2010                                                     Ільініч Н.В.________________________

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства