viasna on patreon

Новая адміністрацыйная справа за ўсталяваньне крыжоў

2009 2009-12-18T18:38:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smolikau.jpg

У лесе паміж вёскамі Паляі ды Вароны ў 1930-50-я гады праводзіліся масавыя расстрэлы. Апазыцыйныя актывісты ўжо не адзін год ушаноўваюць тут памяць загіблых і ставяць мэмарыяльныя крыжы. Сёлета ў пачатку верасьня стала вядома, што нейкія вандалы зьнішчылі ўсе драўляныя крыжы, пакінуўшы адзін — жалезны.

29 кастрычніка сябры партыі БНФ, руху «За свабоду», прадстаўнікі іншых грамадзкіх аб’яднаньняў паставілі тут пяць новых драўляных крыжоў. Яшчэ адзін 2-га лістапада ўсталяваў Барыс Хамайда. Старшыня віцебскай абласной суполкі БНФ Кастусь Смолікаў вырашыў папярэдзіць пра гэта старшыню мясцовага Варонаўскага сельскага выканкаму Юрыя Восіпава. Актывіст прапанаваў прадстаўніку ўладаў правесьці разам нейкія імпрэзы па ўшанаваньні памяці ахвяраў, але ў адказ пачуў пагрозы «судзіцца».

Свае абяцаньні чыноўнік выканаў. Сёньня спадара Смолікава выклікаў супрацоўнік Віцебскага РАУСу Сяргей Субоцін і паведаміў, што супраць апазыцыянэра завялі адміністрацыйную справу паводле артыкула 23.39. Ініцыятарам быў старшыня сельскага выканкаму Юры Восіпаў: ён зьвярнуўся ў раённую пракуратуру, бо палічыў дзеяньні апазыцыянэраў незаконнымі. З пракуратуры прыйшло рашэньне — распачаць адміністрацыйную справу за самаўпраўства.

Да 23-га сьнежня міліцыянты будуць зьбіраць матэрыялы, а потым перададуць іх у суд.

Кастусь Смолікаў лічыць абвінавачаньні супраць яго беспадстаўнымі: пра падзеі ў лесе ўзбоч дарогі Р21 Віцебск — Лёзна ведаюць ня толькі тамтэйшыя старажылы, але й гісторыкі ды краязнаўцы. Некалькі год таму віцебскія актывісты прапаноўвалі зрабіць у гэтым месцы мэмарыяльны запаведнік, аднак мясцовыя ўлады праігнаравалі гэтую прапанову. Прыватную ж ініцыятыву прызналі незаконнай.

Віцебскія актывісты сёньня наведаліся ў Паляі, каб праверыць, ці ня зьнішчылі крыжы на загад мясцовых уладаў. Крыжы пакуль на месцы, але іхны далейшы лёс залежыць ад рашэньня суду па справе Кастуся Смолікава.
 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства