БАЖ просіць Мінскую раённую пракуратуру паведаміць пра ход праверкі па факце смерці Васіля Гроднікава
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" накіравала ў пракуратуру Мінскага раёна запыт адносна абставінаў смерці сябра арганізацыі Васіля Гроднікава. БАЖ просіць "з улікам грамадскай значнасці расследавання" паінфармаваць пра ход і вынікі праверкі па гэтым факце, а таксама паведаміць, ці адпавядае рэчаіснасці інфармацыя пра шматлікія сляды крыві ў ягоным доме.
БАЖ нагадвае, што 18 кастрычніка 2005 г. ва ўласным доме быў знойдзены мёртвым пазаштатны карэспандэнт газеты "Народная воля" Васіль Гроднікаў". Арганізацыя падкрэслівае, што смерць журналіста выклікала вялікі грамадскі рэзананс, але інфармацыя пра абставіны яго гібелі, распаўсюджаная рознымі СМІ, была вельмі супярэчлівай. У прыватнасці, паведамлялася, што ў доме В. Гроднікава ўсё было раскідана, а на шматлікіх прадметах у доме была кроў, з чаго рабілася выснова пра магчымае забойства журналіста. З іншага боку, СМІ распаўсюдзілі словы следчага раённай пракуратуры Дзмітрыя Кірыльчыка пра тое, што ў пракуратуры няма пакуль падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы па факце смерці В. Гроднікава.
Між тым, з заклікам "правесці неадкладнае і падрабязнае следства" ў справе забойства В. Гроднікава да беларускіх уладаў звярнуўся Міжнародны інстытут прэсы (IPI), - паведаміла польскае выданне "Rzeczposplita". Дырэктар Інстытуту Яган Фрыц таксама заклікаў беларускія ўлады "здзейсніць усё неабходнае дзеля прадухілення атак на журналістаў". IPI звяртае ўвагу на тое, што Гроднікаў загінуў амаль праз год пасля забойства Веранікі Чаркасавай - журналісткі незалежнай газеты "Салідарнасць". Міжнародны інстытут прэсы падкрэслівае, што абставіны яе забойства дагэтуль не высветленыя, а беларускія ўлады, замест таго, каб зацікавіцца матывамі, звязанымі з яе прафесійнай дзейнасцю, скіравалі следства супраць непаўнагадовага сына журналісткі.