viasna on patreon

Дзяржава вяртаецца да намеру кантраляваць Байнет?

2009 2009-12-15T11:38:57+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cenzura_u_internet.jpg

У рэдакцыю газеты «Наша Ніва» трапіў праект указа кіраўніка дзяржавы, які датычыць удасканалення дзейнасці нацыянальнага сегменту Інтэрнета, — паведаміў 14 снежня сайт nn.by.

 «Паводле гэтага дакумента, кантроль над інтэрнет-рэсурсамі ў Беларусі павінен ажыццяўляцца Саветам Міністраў пасля ўзгаднення з адмысловым Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы… Пад кантроль Аператыўна-аналітычнага цэнтра трапляюць Інтэрнет-правайдэры краіны, а менавіта — будуць ім вызначацца пасля кансультацый з кіраўніком краіны. Дзейнасць правайдэра можа быць спынена паводле пастановы Савета Міністраў», — паведамляе nn.by.

Паводле праекта, Аператыўна-аналітычны цэнтр таксама будзе адказваць за:

— абмежаванне доступу да інфармацыі, распаўсюд якой знаходзіцца пад забаронай паводле беларускага заканадаўства,

— аперацыі ў галіне рэгістрацыі даменных імёнаў у нацыянальным сегменце Сеціва,

— ажыццяўленне кантролю за выкананнем патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства кампаніямі, якія займаюцца прадастаўленнем інтэрнет-паслуг,

—«ажыццяўленне іншых паўнамоцтваў у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі».

Праект указа ўтрымлівае план мерапрыемстваў на бліжэйшы год, якія павінны ажыццяўляцца Саветам Міністраў і Аператыўна-аналітычным цэнтрам.

Напрыклад, у трохмесячны тэрмін пасля апублікавання ўказа Савет Міністраў павінен забяспечыць рэгламентацыю дзейнасці інфармацыйных рэсурсаў беларускага сегменту Інтэрнета, а таксама прадставіць звесткі аб уладальніках інфармацыйных рэсурсаў.

На працягу шасці месяцаў трэба выпрацаваць Канцэпцыю развіцця нацыянальнага сегменту Інтэрнета з далейшым яе зацвярджэннем кіраўніком дзяржавы.

Акрамя гэтага, прапануецца вызначыць парадак рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюцца праз Сеціва, парадак ідэнтыфікацыі карыстальнікаў Інтэрнета ў месцах калектыўнага карыстання, а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў.

«На працягу 1 года пасля ўступлення ў сілу ўказа плануецца распрацаваць праект Закона аб нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнет і прадставіць яго на разгляд кіраўніку дзяржавы. Кантроль за выкананнем указа, праект якога трапіў у рэдакцыю газеты, плануецца ўскласці на Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы і на Аператыўна аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі», — пераказвае змест праекта ўказа nn.by.

 

Змест праекта дакумента, распаўсюджанага журналістамі, каментуе намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец:

«Гэты праект — доказ прадуманай стратэгіі дзяржавы, накіраванай на жорсткі кантроль Інтэрнета. У ім мы бачым усе неабходныя для гэтага захады, супраць якіх выказвалася не толькі беларуская інтэрнет-супольнасць, але і міжнародныя структуры — у тым ліку Рада Еўропы, АБСЕ і іншыя арганізацыі.

Па-першае — гэта рэгістрацыя інтэрнет-рэсурсаў наогул. Па-другое — рэгістрацыя інтэрнет-СМІ, а гэта значыць — распаўсюджванне на іх не толькі тых абмежаванняў, якія прадугледжаны законам «Аб СМІ», але і іншых, усталяваных Міністэрствам інфармацыі, якія выходзяць за межы гэтага закона. Я маю на ўвазе і абавязковыя кваліфікацыйныя патрабаванні да рэдактара СМІ (напрыклад, вышэйшая адукацыя), і немагчымасць займацца выпускам СМІ па хатнім адрасе, і інш.

Па-трэцяе — гэта магчымасць прыпынення, ці, прасцей кажучы, блакавання дзейнасці інтэрнет-рэсурсаў. Прычым не толькі па рашэнні суда, але і проста на падставе звароту органаў следства, пракуратуры і г.д. «Пастаўшчыкі паслуг Інтэрнет» па патрабаванні «ўпаўнаважаных органаў» абавязаныя будуць блакаваць дзейнасць некаторых рэсурсаў.

Акрамя таго, рэгістравацца будуць абавязаныя і самі карыстальнікі Сеціва. З дакумента вынікае, што пастаўшчыкі паслуг Інтэрнет цяпер абавязаны будуць ідэнтыфікаваць карыстальніка Сеціва, які знаходзіцца ў інтэрнет-кавярні, іншым грамадскіх месцах...

Хаця адзіны плюс, які я пакуль бачу ў гэтым праекце, тычыцца якраз згаданага патрабавання. Таму што адказнасць за змест размешчанай інфармацыі будуць несці менавіта тыя, хто яе размясціў. Але ж, з іншага боку, невядома, як гэта адаб’ецца на ўладальніках інтэрнет-рэсурсаў, бо яны усё роўна могуць быць заблакаваныя.

Кантрольным органам у праекце дакумента, як бачым, зноў выступае Савет Міністраў, згаданы ў законе «Аб СМІ» (арт. 11) як орган, адказны за «парадак дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ, якія распаўсюджваюцца праз Інтэрнет». Гэта тое, пра што мы ўвесь час казалі: пакуль такая норма ёсць у законе, мараторый на яе выкарыстанне — усяго толькі часовая «перамога»…»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства