Магілёўская моладзь аднавіла Чарнобыльскі крыж
Прадстаўнікі магілёўскіх маладзёвых суполак, якія нядаўна стварылі маладзёвую кааліцыю, аднавілі ў Магілёве Чарнобыльскі крыж. Гэта стала першай акцыяй кааліцыі.
На працягу апошніх дзён моладзь прыходзіла да месца, дзе стаяў крыж, прыбірала тэрыторыю, бэтанавала пляцоўку, вярнула крыж на месца. Актывісты называюць гэтую падзею сымбалічнай, паколькі крыж паўстаў акурат праз паўгоду, як яго зламалі.
Першы раз Чарнобыльскі крыж быў усталяваны 26 красавіка 1996 году ў накірунку так званых “Лаўсанаўскіх могілак”, дзе звычайна хавалі чарнобыльцаў. Штогод сюды прыходзілі людзі, пакуль невядомыя зламысьнікі не зламалі крыж.
Мясцовыя апазыцыянэры кажуць, што крыж зламалі міліцыянты на загад мясцовых чыноўнікаў, якія нібыта пабаялася, што крыж сапсуе настрой Аляксандру Лукашэнку. Той мусіў ехаць на аб’яднаньне “Хімвалакно”, якое ў народзе называюць “Лаўсанам”.
Віноўнікаў так і не знайшлі. Ініцыятыры гэтай акцыі ўлетку пісалі скаргу ў гарвыканкам, але адказу так і не дачакаліся, а потым узяліся за працу. Маладафронтавец Зміцер Салаўёў распавёў Радыё Свабода: “Мы рабілі, па-першае, ня столькі для грамадзянскага рэзанансу, колькі рабілі для тых людзей, якія аддаюць даніну памяці гэтым людзям”.
Маладзёвая кааліцыя стварылася два тыдні таму назад у падтрымку Аляксандра Мілінкевіча і ўжо зараз аб’ядноўвае 40 дэмакратычна настроеных жыхароў Магілёва, яе прадстаўнікі запэўніваюць, што плянуюцца іншыя акцыі.