Сябра "Маладога фронту" затрыманы ў Горадні
26 кастрычніка ў Горадні міліцыянты часова затрымалі студэнта унівэрсытэту імя Янкі Купалы Яўгена Скрабутана. У яго ўзялі тлумачэньні наконт распаўсюду ва ўнівэрсытэце ўлётак. Хлопец сказаў міліцыянтам, што ня мае да гэтага дачыненьня.
У гарадзенскім Купалаўскім унівэрсытэце ў той дзень празодзіла канфэрэнцыя, прысьвечаная студэнцкаму самакіраваньню. Студэнт 3-га курсу беларускай філялёгіі Яўген Скрабутан таксама прысутнічаў на ёй.
Ахову ў памяшканьні ажыцьцяўлялі студэнты старэйшых курсаў. Паводле Яўгена, адзін зь іх падышоў да яго падчас мерапрыемства і сфатаграфаваў папросту ў твар, а потым перадаў здымак міліцыянтам.
Канфэрэнцыя закончылася, і калі Яўген Скрабутан выходзіў з залі, яго чакалі міліцыянты і хлопцы з унівэрсытэцкай аховы, якія сьцьвярджалі, што ён распаўсюджваў улёткі.
Яўгена забралі ў Ленінскі РАУС, дзе пратрымалі прыблізна дзьве гадзіны. На стале ў сьледчага ляжаў стосік улётак, у якіх было напісана нібыта пра тое, што з унівэрсытэту выганяюць студэнтаў. “Там сьпіс прозьвішчаў студэнтаў, якіх выключылі за грамадзкую дзейнасьць, і нават маё прозьвішча ёсьць”, -- паведаміў Яуген Скрабутан радыё Свабода.
Яўгена Скрабутана аднойчы выключалі з унівэрсытэту за графіці “Спынім русыфікацыю!”, але пазьней яму ўдалося вярнуцца назад. Ён належыць да “Маладога фронту”.