У Гродна спынілі рэтрансляцыю першай праграмы Польскага тэлебачання
З 25 кастрычника дня жыхары Гродна пазбаўленыя магчымасці глядзець першую праграму Польскага тэлебачання. Замест гэтага аператар кабельных сетак ТАА “Гарадзенскі абласны тэхнагандлёвы цэнтр “Гарант” рэтранслюе Polsat. Як патлумачыў карэспандэнту ПАГОНІ на ўмовах ананімнасці адзін са спецыялістаў прадпрыемства, зроблена гэта паводле адмысловага загаду Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
“Рэкамендацыя” Міністэрства інфармацыі дзіўным чынам супала з рашэннем Польскага тэлебачання адкрыць у Гродне сталы карэспандэнцкі пункт, – каментуе ПАГОНІ сітуацыю вядомы гарадзенскі журналіст і грамадскі дзеяч Андрэй Пачобут. – Фактычна беларускія ўлады зрабілі прэвентыўны ўдар па свабодзе слова, прадпрынялі контрмеру, дзеля таго, каб пазбавіць гарадзенцаў магчымасці карыстацца з альтэрнатыўнай, непадкантрольнай крыніцы інфармацыі.
Паляванне беларускіх уладаў супраць першай праграмы Польскага тэлебачання пачалося яшчэ ў лютым мінулага года. Менавіта тады, зноў такі паводле рашэння Міністэрства інфармацыі, першая праграма Польскага тэлебачання была пераведзеная з так званага “сацыяльнага” ў “дадатковы пакет” тэлепраграмаў. Згодна з гэтым рашэннем, за магчымасць аглядаць непадцэнзурнае тэлебачанне, якое да таго ж актыўна інфармавала пра сітуацыю ў Беларусі, гарадзенцам прыйшлося даплачваць. Як бачым, уладзе гэтага паказалася “мала”.