viasna on patreon

Марына Коктыш застаецца без акрэдытацыі пры Палаце прадстаўнікоў

2009 2009-12-04T14:56:53+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/koktysh_maryna.jpg

Вярхоўны суд адхіліў скаргу галоўнага рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча і Марыны Коктыш на рашэнне суда першай інстанцыі, які не захацеў узбуджаць грамадзянскую справу з-за адмовы Палаты прадстаўнікоў акрэдытаваць журналістку. «Паколькі пытанні акрэдытацыі журналістаў у кампетэнцыю суда не ўваходзяць і заканадаўства, якое дзейнічае ў Рэспубліцы Беларусь, не прадугледжвае вырашэння судамі скаргаў на адмову ў такой акрэдытацыі, суддзя абгрунтавана адмовіўся ўзбуджаць справу», — гаворыцца ў лісце ад 30 лістапада за подпісам намесніка старшыні Вярхоўнага суда А. Федарцова.

Як патлумачыў прэс-службе БАЖ юрыст Гары Паганяйла, які прадстаўляе інтарэсы журналісткі, у беларускім законе «Аб СМІ» сапраўды нідзе не напісана, што адмова ў акрэдытацыі — падстава для судовага разбіральніцтва. Але ў такіх выпадках павінен дзейнічаць «агульны парадак», прадугледжаны Канстытуцыяй РБ, якая гарантуе кожнаму грамадзяніну права абараняць свае правы ў судзе. (Апошняе, дарэчы, пацвердзіў і Канстытуцыйны суд РБ, куды сп. Паганяйла звярнуўся з запытам яшчэ ў 2008 годзе.)

Акрамя Канстытуцыі, права на зварот у суд павінна забяспечвацца прэзідэнцкім указам № 498 «Аб дадатковых захадах па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў», — падкрэслівае юрыст. Аднак Вярхоўны суд у сваім лісце назваў згадку пра гэты дакумент недарэчнай, бо, маўляў, дзеянне ўказу не распаўсюджваецца на звароты, што «разглядаюцца ў парадку канстытуцыйнай, крымінальнай, грамадзянскай, гаспадарчай судавытворчасці».
«Спачатку Вярхоўны суд кажа, што справа не падлягае разгляду ў судах, а ў наступным абзацы пярэчыць сам сабе. Незразумела, дзе ж тады можна аспрэчыць рашэнне аб адмове журналісту ў акрэдытацыі?», — заўважае Гары Паганяйла.
Цяпер юрыст збіраецца падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, бо на нацыянальным узроўні ўсе магчымыя інстанцыі пройдзеныя. «На жаль, практыка такая, што і Міністэрства замежных спраў, і беларускія суды разглядаюць рашэнні Камітэту па правах чалавека яе рэкамендацыйныя, а не абавязковыя для выканання. Хаця гэта парушае міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі», — падкрэслівае Г. Паганяйла.
Сама Марына Коктыш усё яшчэ не губляе надзеі атрымаць акрэдытацыю пры Палаце прадстаўнікоў. «Можа, таму што пад Новы год усім хочацца спадзявацца на цуд? Буду, мабыць, прасіць Дзеда Мароза, каб мяне перасталі лічыць тэрарысткай і ўсё ж акрэдытавалі», — жартуе журналістка.
Гісторыя з адмовай Марыне Коктыш у акрэдытацыі пры Палаце прадстаўнікоў цягнецца ўжо больш за 2 гады.
Восенню 2007 года журналістцы, якая на працягу некалькіх гадоў бесперашкодна акрэдытоўвалася пры ПП НС, упершыню адмовілі, прычым без тлумачэння прычын. На запыт адносна матываў такога рашэння журналістам патлумачылі, што за ім стаіць прэзідэнцкая Служба бяспекі.
Зварот рэдакцыі да Службы бяспекі выніку не даў. Пасля гэтага «Народная воля» і Марына Коктыш вырашылі абараняць свае прафесійныя правы праз суд і накіравалі скаргі на дзеянні Палаты прадстаўнікоў і Службы бяспекі.
У чэрвені 2008 года суд Маскоўскага раёна вырашыў, што ў журналісткі і ў рэдакцыі нібыта адсутнічае права на зварот у суд, і адмовіўся разглядаць скаргі. Калегія Мінскага гарадскога суда, дзе прадстаўнікі «Народнай волі» спрабавалі абскардзіць гэтае рашэнне, пакінула яго ў сіле.
Восенню 2008 журналістка зноў паспрабавала акрэдытавацца і, атрымаўшы адмову, зноў звярнулася ў суд. 13 лютага 2009 г. суд Маскоўскага раёна г. Мінска зноў адмовіўся ўзбуджаць з гэтай нагоды справу. Суддзя Алена Рудніцкая вырашыла, што «скарга не падлягала разгляду ў судзе», бо «ў акрэдытацыі Коктыш М.Г. было адмоўлена ў сувязі з адсутнасцю допуску».
Журналісты абскарджвалі рашэнне ў вышэйшых інстанцыях і дайшлі да Вярхоўнага суда, але безвынікова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства