Больш за мільён рублёў штрафу за фатаздымкі
Актывістка “Маладой Беларусі” Наста Машчава пакараная на 30 базавых велічыняў судом Завадзкога раёну Менску. У часе пэрфомэнса 2 сьнежня каля ўнівэрмагу “Беларусь” дзяўчына рабіла фатаздымкі. У судзе ёй патлумачылі, што яна ня мела права фатаграфаваць без акрэдытацыі.
Дзяўчына абураная прысудам і лічыць, што такім чынам можна прыцягваць да адказнасьці любога чалавека з камэрай у руках.
Учора за ўдзел у пэрфомансы Ягора Баброва і Паўла Пракаповіча пакаралі 15 суткамі арышту, Андрэя Кузьмінскага асудзілі на 7 сутак.
Нагадаем, 2 сьнежня актывісты “Маладой Беларусі” каля ўнівэрмагу “Беларусь” усталявалі стэнд з намаляваным на ім чалавекам з вусамі. Пад карыкатурай подпіс: “Ня любіш рэжым — кінь у мяне”. Побач са стэндам паставілі скрыню зь яйкамі. Знайшліся ахвотныя, і некалькі яек паляцелі ў стэнд.
На ўсіх затрыманых актывістаў “Маладой Беларусі” склалі пратаколы, абвінаваціўшы іх ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Ноч перад судом яны правялі ў Завадзкім РУУСе.