Дзяды Марозы-нелегалы цяпер у мультах
Асамблея НДА сустрэла чацьвертую гадавіну прыняцьця у Крымінальны кодэкс паправак, якія ўвялі адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў – да 2-х гадоў зьняволеньня, стварэньнем мультфільма. 2-га сьнежня ў Інтэрнэце зьявіўся новы сатырыстычны відэакліп, які высьмейвае наяўнасьць артыкула 193.1 (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).
Паводле сюжэту мультымэдыйнага роліка, Дзяды Марозы сьпяшаюцца да дзяцей са сваёй штогадовай высакароднай місіяй. Аднак ня ўсё проста ў краіне, дзе любая грамадзкая дзейнасьць можа быць пакараная. Ці ўбачаць дзеткі навагоднія падарункі і што можа стаць зь Дзядамі Марозамі – глядзіце па спасылцы: http://193.belngo.info/view.pl/mult
Нагадаем, 2 сьнежня 2005 года ў другім чытаньні Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, якія ўзмацнілі адказнасьць “за дзеяньні, скіраваныя супраць чалавека і грамадзкай бясьпекі”. Прыняты напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году новы крымінальны артыкул 193.1 быў неадкладна задзейнічаны для барацьбы зь непажаданымі для ўладаў арганізацыямі. З моманту, калі ў 2006 годзе ўступіла ў дзеяньне крымінальная адказнасьць за дзейнасьць у незарэгістраваных аб’яднаньнях, па артыкуле 193-1 было асуджана 17 чалавек. Пры гэтым ніводнага апраўдальнага прысуду праваабаронцы не зафіксавалі.
Стварэньне ролікаў ажыцьцяўляецца ў межах кампаніі “Стоп 193.1”, ініцыяванага Асамблеяй НДА. Раней на сайце арганізацыі былі зьмешчаныя мульфільмы і іншае відэа, прысьвечаныя ганебнаму артыкулу. Мультымэдыйныя кліпы паказваюць абсурднасьць прымяненьня артыкула 193.1 у дачыненьні да актывістаў незарэгістраваных арганізацыяў. Іх героі – бабулькі-зьбіральніцы грыбоў і студэнты напярэдадні іспытаў – трапляюць у поле зроку праваахоўнікаў як прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі.
Кампанія Асамблеі НДА “Стоп 193.1” будзе працягвацца да поўнай адмены адыёзнага артыкула.
Таксама па тэме: http://spring96.org/be/news/30500/ - інфармацыя пра чарговае абяцаньне ўладаў адносна магчымасьці дэкрыміналізацыі артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу.
Нижэй падаецца арыгінал адказу Генеральнай пракуратуры