Беларусь не пазнаёміла БДІПЧ АБСЕ з папраўкамі ў Выбарчы кодэкс
Беларускі бок не даў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правы чалавека (БДІПЧ) АБСЕ магчымасці азнаёміцца з папраўкамі ў Выбарчы кодэкс, нягледзячы на дасягнутую ў лютым дамоўленасць. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар БДІПЧ АБСЕ Енс Эшэнбэхер.
Такім чынам, БДІПЧ АБСЕ пакуль не можа каментаваць папраўкі, прынятыя 30 лістапада ў першым чытанні беларускім парламентам. Аднак, дадаў прэс-сакратар, бюро гатовае даць ацэнку законапраекту пры ўмове, што на гэта будзе вылучана досыць часу і парламент Беларусі прыме да ўвагі высновы БДІПЧ АБСЕ.
Нагадаем, 30 лістапада Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні змены ў выбарчае заканадаўства. Агулам, па словах старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, зроблена 130 зменаў у ранейшы Выбарчы кодэкс.
Чакаецца, што ў другім чытанні законапраект будзе разгледжаны ніжняй палатай 10 снежня.