viasna on patreon

Разняволенне СМІ павінна быць умовай дыялогу Еўропы з Беларуссю

2009 2009-11-23T12:00:10+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smi1.jpg

Канферэнцыя «Ініцыятыва „Усходняе партнёрства“ ў дачыненні да Беларусі: роля Літвы» адбылася ў Сейме Літвы 20 лістапада. У сустрэчы бралі ўдзел і сябры ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Асноўным пытаннем, якое абмяркоўвалі на канферэнцыі прадстаўнікі літоўскага МЗС, Сейма, дэпутаты Еўрапарламента разам з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадскіх арганізацый, было выкарыстанне магчымасцяў двухбаковага дыялогу Еўразвяз-Беларусь. Зразумела, пры ўмове, што гэты дыялог сапраўды існуе, у чым некаторыя прысутныя палітыкі выказвалі сумнеў.
«Калі гэта сапраўдны дыялог, дык хто перамоўшчык з боку Еўразвязу? Які парадак дня? Якія пытанні вынесеныя на перамовы?» — цікавіўся лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лебедзька.
У любым выпадку, большасць прысутных пагадзілася з тым, што перамоваў не можа быць без умоваў. І адной з галоўных павінны стаць вольныя беларускія медыя.
«Абавязковымі для выканання беларускімі ўладамі павінны стаць умовы разняволення зарэгістраваных медыя, акрэдытацыя ў краіне замежных журналістаў. Толькі пры гэткіх умовах будзе магчымы дыялог», — адзначыў лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
Як падкрэсліў у сваёй прамове кіраўнік Асамблеі няўрадавых арганізацый, спікер Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» Сяргей Мацкевіч, нягледзячы на аб’яўленую ў краіне лібералізацыю, сістэмных змен у сферы СМІ не адбылося.
«Добра, што ўлады ўвялі мараторый на пытанне рэгулявання Інтэрнет, але зарэгістраваць друкаванае выданне па-ранейшаму складана», — падкрэсліў Сяргей Мацкевіч.
На думку прадстаўніка парламенцкай групы літоўскага Сейма «За дэмакратычную Беларусь» Юстынаса Кароласа, такія паводзіны ўладаў цалкам натуральныя.
«Тое, што мы сёння бачым у Беларусі, — гэта толькі „фасадныя“ змены. Улады робяць дробныя рухі. Ці могуць яны паводзіць сябе інакш? Не, бо гэта было б для іх самагубствам», — зазначыў спадар Каролас.
Удзельнікі сустрэчы сышліся ў выснове, што сродкі масавай інфармацыі — апошняе, што разняволяць беларускія ўлады. І, на думку прысутных, зробяць яны гэта толькі пры настойлівай пазіцыі Еўразвязу, прадстаўнікі якога часта разыходзяцца ў поглядах на «беларускае пытанне».
З боку ГА «БАЖ» у канферэнцыі бралі ўдзел галоўны рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль, шэф-рэдактар газеты «Наша Ніва» Андрэй Дынько, сябра Праўлення БАЖ Яніна Мельнікава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства