Дакументы на рэгістрацыю недзяржаўнай газеты «Салігорск-плюс» зноў вярнулі
Мінінфармацыі зноў заявіла, што дакументы на рэгістрацыю выдання ўтрымліваюць парушэнні, і да ранейшых заўваг дадало новыя.
У міністэрстве лічаць, што заяўленая тэматыка газеты не адпавядае арт. 12 Закона «Аб друку», «бо ўказаная ў ім спецыялізацыя (тэматыка)…супярэчыць нормам дзяржаўнага стандарта» (РБ СТБ ГОСТ 7.60 – 2004 «Выданні. Асноўныя віды»).
Сутнасць парушэння, паводле Мінінфарма, палягае ў тым, што «Салігорск-плюс» хацела зарэгістравацца як грамадска-палітычная газета і выданне для вольнага часу, пазначыўшы пры гэтым тэматыкай «дзяржаву», «адукацыю», «прадпрымальніцтва». Між тым, паводле вышэйзгаданага стандарту, «пад выданнем для вольнага часу трэба разумець выданне, якое ўтрымлівае агульнадаступныя звесткі па арганізацыі побыту, розных формах самадзейнай творчасці, розных відах захапленняў», — падкрэслівае міністэрства.
Акрамя таго, Мінінфарм нагадвае, што рэдакцыя дагэтуль не зрабіла захадаў для размяшчэння юрыдычнай асобы ў нежылым памяшканні. Менавіта гэта стала падставай для вяртання дакументаў у першы раз. (Паводле п.5 Палажэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання, зацверджанага Дэкрэтам прэзідэнта № 1 ад 16.01. 2009 г. «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання», ажыццяўленне вытворчай дзейнасці вымагае пераводу жылога памяшкання ў нежылы фонд).
Уладзімір Шыла, які выступае заснавальнікам выдання, лічыць, што Міністэрства інфармацыі знаходзіць надуманыя падставы для адхілення дакументаў.
Юрысты БАЖ падзяляюць яго думку і лічаць, што Мінінфарм перавышае свае паўнамоцтвы. «Юрыдычны адрас – гэта, паводле Грамадзянскага кодэксу, месца знаходжання органа кіравання арганізацыі. Будзе там ажыццяўляцца вытворчая дзейнасці ці не — гэта ўжо не справа Міністэрства. І на рэгістрацыю гэта ўплываць не павінна», — упэўнены намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец.
«Што тычыцца стандартаў “Выданні. Асноўныя віды”, то гэта ўвогуле тэхнічны нарматыўны акт, а не закон. Заўважым, што ў самім законе “Аб СМІ” ніякіх адсылак да дакументаў пра стандарты няма. А паводле закона “Аб тэхнічным нармаванні і стандартызацыі”, Мінінфарм не з’яўляецца органам, які мае права кантраляваць выкананне стандартаў. Па-другое, паводле арт. 20 вышэйзгаданага закона, дзяржаўныя стандарты з’яўляюцца добраахвотнымі для выканання,» – лічыць юрыст.
«Складваецца ўражанне, што Міністэрства інфармацыі спачатку прымае дакументы (прычым, заўважу, — папярэдне праглядзеўшы іх), а потым шукае падставаў, каб вярнуць», — адзначыў Уладзімір Шыла ў гутарцы з прэс-службай БАЖ. Ён не выключае, што будзе абскарджваць дзеянні Мінінфарма ў судзе.
Дакументы на рэгістрацыю «Салігорск-плюс» грамадскі актывіст з Салігорску Уладзімір Шыла падаў 18 жніўня.
Акрамя «Солигорск плюс», з верасня гэта года Міністэрства інфармацыі не зарэгістравала рэгіянальныя «Новую газету Бобруйска», «Магілёўскі час», «Мар'інагорскую», «Прэфект плюс» і яшчэ некаторыя СМІ, заснавальнікі якіх не пажадалі быць згаданымі ў прэсе.