viasna on patreon

Прэзідэнт Еўрапарламента: «Гэта апошні шанец для рэжыму Лукашэнкі»

2009 2009-11-18T13:34:54+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/eji_buzek.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

«Калі пасля 12 месяцаў мы не заўважым канкрэтнага прагрэсу на шляху да дэмакратызацыі, тады працэс збліжэння Еўразвяза і Беларусі неабходна спыніць», - заявіў Ежы Бузэк.

Такім чынам, прэзідэнт Еўрапейскага Парламента пракаментаваў рашэнне Рады Еўразвяза падоўжыць да кастрычніка 2010 года і адначасова «замарозіць» візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

«Гэта павінен быць апошні шанец для рэжыму Лукашэнкі», - цытуе Ежы Бузэка «Польскае радыё».

Раней прэзідэнт Еўрапарламента заяўляў, што «прагрэс у Беларусі сапраўды вельмі малы, і нас вельмі турбуе, што няма выразнай дэмакратызацыі». Бузэк падкрэсліў, што ЕЗ будзе супрацоўнічаць таксама з беларускай апазіцыяй, таму што менавіта яна падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці, і паабяцаў, што ЕЗ будзе аказваць ціск на беларускія ўлады, каб яны рухаліся ў бок дэмакратычных свабодаў і павагі правоў чалавека.

Пра тое, што санкцыі з беларускага рэжыму нельга было цалкам здымаць, заяўляюць і незалежныя эксперты. У інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» кіраўнік бюро Фонду імя Конрада Адэнаўэра ў Вільні Штэфан Малерыюс заявіў, што афіцыйны Менск не правёў тыя рэформы, якія ад яго чакаў Брусэль. Ён нагадаў, што перыяд падаўжэння санкцыяў і іх прыпынення ўключае цяпер і меркаваную дату, на якую прызначаныя мясцовыя выбары ў Беларусі - красавік наступнага года - а, значыць, у Еўразвяза будзе магчымасць зрабіць высновы пра працэс дэмакратызацыі краіны, засноўваючыся на правядзенні гэтых выбараў.

«Яны стануць так званай лакмусавай паперкай для Лукашэнкі і беларускага ўрада, пакажуць, ці мелі заявы, напрыклад, аб жаданні і гатоўнасці рэфармаваць выбарчае заканадаўства толькі дэкларатыўны характар», - упэўнены нямецкі эксперт.

Па словах Малерыюса, рашэнне ЕЗ зноў часткова «замарозіць» санкцыі нельга разглядаць як заахвочванне афіцыйнага Менска хаця б таму, што напярэдадні вышэйшыя асобы краіны заклікалі Еўразвяз цалкам адмяніць усе абмежаванні ў дачыненні да Беларусі. «У гэтых умовах Лукашэнка не можа адчуваць сябе пераможцам ці ўзнагароджаным», - адзначае эксперт.

Як ужо паведамляў сайт charter97.org, 17 лістапада Рада Еўразвяза прыняла рашэнне падоўжыць на год візавыя санкцыі супраць афіцыйнага Менска да кастрычніка 2010 года. Адначасова гэтыя санкцыі «замарожаныя» да кастрычніка.

У прынятай рэзалюцыі міністры замежных справаў ЕЗ заклікаюць беларускія ўлады «паважаць свабоду СМІ, меркаванняў, асацыяцыяў і сходаў, рэфармаваць выбарчае заканадаўства і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне». Міністры таксама выказваюць шкадаванне з нагоды недастатковых рэформаў, якія Беларусь ажыццявіла за дадзены ёй час.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства