viasna on patreon

Культурна-асьветніцкаму грамадзкаму аб’яднаньню “Залаты Леў” адмовілі ў рэгістрацыі па абсурдных прычынах

2009 2009-11-16T16:17:14+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/adkaz_zl-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама вырашыла адмовіць у рэгістрацыі слонімскаму аб’яднаньню “Залаты леў”. Асноўная  падстава адмовы - неадпаведнасьць заканадаўству асобных палажэньняў статута аб’яднаньня, у тым ліку датычных парадку ўнясеньня зьменаў у статут і парадку абскарджаньня рашэньняў органаў аб’яднаньня. Аднак самая абсурдная прычына адмовы ў рэгістрацыі, пазначаная чыноўнікамі ўпраўленьня юстыцыі, - гэта сьцьвярджэньне, што ў “тэксьце статута арганізацыі адсутнічае расшыфроўка назвы “Залаты леў”, паведамляе прэс-служба Асамблеі НДА.

Зь неканструктыўнай пазыцыяй органа юстыцыі ня згодны юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў: “Юрыдычныя падставы для адмовы ў рэгістрацыі Культурна-асьветніцкага аб’яднаньня “Залаты леў” адсутнічаюць цалкам. Прэтэнзіі да статута не грунтуюцца на заканадаўстве і зьяўляюцца вынікам адвольнгага тлумачэньня чыноўнікамі нормаў права. Заснавальнікі маглі бы лёгка ў працоўным парадку задаволіць пажаданьні органа рэгістрацыі і ўнесьці ў статут патрэбныя выпраўленьні. Тым больш, заканадаўства прадугледжвае такую магчымасьць”.

Адзін зь ініцыятараў стварэньня Культурна-асьветніцкага аб’яднаньня “Залаты леў” Алесь Масюк лічыць рашэньне абласнога ўпраўленьня юстыцыі палітычна матываваным: “Улады працягваюць палітыку нерэгістрацыі ў дачыненьні да асобаў, якіх яны залічылі ў апазыцыю. Усе недапрацоўкі статута мы маглі б выправіць цягам дня, а нас проста вырашылі забараніць. Паўторная спроба рэгістрацыі каштуе 10 базавых велічыняў. Магчыма, улады проста на нас зарабляюць грошы”. Прадстаўнікі арганізацыі намераныя аспрэчваць рашэньне рэгістравальнага органу ў судзе.

Мэтамі дзейнасьці Культурна-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Залаты леў” зьяўляюцца павышэньне культурна-асьветніцкай грамадзкай актыўнасьці жыхароў Слонімскага раёна для вырашэньня грамадзка значных праблемаў мясцовасьці, аб’яднаньне грамадзянаў, якія выступаюць за духоўнае, нацыянальнае і культурнае адраджэньне беларускага грамадзтва, павышэньне культурна-асьветніцкай ролі моладзі ў працэсе фармаваньня грамадзянскай супольнасьці.

Заснавальнікі Культурна-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Залаты Леў” раней уваходзілі ў склад іншай няўрадавай арганізацыі – Слонімскага моладзёвага аб’яднаньня “Ветразь”, якое некалькі год таму было прымусова ліквідаванае рашэньнем суда на падставе адсутнасьці юрыдычнай адрэсы.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства