Польскі друк пра затрыманьне Андрэя Пачобута
Затрыманьне гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута прыцягнула ўвагу вядучых польскіх газэт, паведаміла радыё Свабода. Таксама на старонках польскага друку абмяркоўваецца сітуацыя з польскімі дамамі ў Беларусі, якія былі пабудаваныя ці набытыя за грошы польскай дзяржавы, а цяпер могуць апынуцца пад кантролем беларускіх уладаў.
Аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita” піша, што міліцыянты, якія затрымалі Андрэя Пачобута на вуліцы, праўдападобна, папярэдне сачылі за ім і чакалі моманту, калі журналіст застанецца сам. Пачобут, аднак, пасьпеў папярэдзіць пра сваё затрыманьне праз мабільны тэлефон.
“Міліцыянты пыталіся ў Андрэя Пачобута, сярод іншага, пра распаўсюд у Беларусі нумароў газэты "Głos znad Niemna", што былі выдадзеныя месяц таму ў Польшчы прыхільнікамі непрызнаванага афіцыйным Менскам кіраўніцтва СПБ на чале з Анжалікай Борыс. У гэтым нумары былі і некалькі матэрыялаў Пачобута, а ўвагу беларускіх органаў асабліва мог прыцягнуць камэнтар у справе ваўкавыскага зьезду СПБ – абраныя там улады ён назваў “марыянэткамі, якія мусяць таньчыць так, як ім кажуць”, - піша “Rzeczpospolita” ды адзначае, што Андрэй Пачобут адмовіўся даваць паказаньні без адваката.
Пра затрыманьне гарадзенскага журналіста напісала і “Gazeta Wyborcza”. Штодзёньнік нагадвае чытачам, што Андрэй Пачобут - гэта адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Анжалікі Борыс і што беларускія ўлады ўжо забаранілі яму выезд за мяжу, бо Пачобут ня можа заплаціць каля 2,5 тысячаў даляраў штрафу, якім яго пакаралі за ўдзел у пікеце супраць перасьледу "Głosu znad Niemna".
“Wyborcza” піша таксама пра праблемы дамоў польскіх, якіх у Беларусі 16. Паводле штодзёньніка, пасьля таго, як польскі бок спыніў фінансаваньне гэтых дамоў, яны апынуліся ў цяжкай фінансавай сытуацыі і ўзамен за падтрымку з боку беларускіх уладаў могуць апынуцца пад іхным кантролем.
Газэта падае словы Юзэфа Лучніка – старшыні СПБ, якога прызнае афіцыйны Менск. Ён кажа, што дамы польскія застануцца “незалежнымі і польскімі”.