viasna on patreon

Евангельскія цэрквы Кобрына знаходзяцца пад ціскам мясцовых уладаў

2005 2005-10-21T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прадстаўнікі Кобрынскага райвыканкаму, пажарнай інспэкцыі і санстанцыі наведалі незарэгістраваныя суполкі цэркваў Хрысьціянаў веры эвангельскай і Эвангельскіх хрысьціянаў баптыстаў. У будынках цэркваў былі выяўлены розныя парушэньні, у тым ліку і пажарнай бясьпекі, і на пастыраў гэтых рэлігійных грамадаў склалі адпаведныя пратаколы.

Пастар кобрынскай царквы Хрысьціянаў веры эвангельскай Мікалай Радковіч за парушэньне тэхнікі пажарнай бясьпекі аштрафаваны на 25 тысяч рублёў. Вось што ён распавёў у інтэрвію Беларускай “Свабодзе”: “На маю думку, асноўная прычына іх візыту ў тым, што царква не зарэгістраваная. Мы лічым, што такі закон, такая рэгістрацыя нам не падыходзіць. Я думаю, што гэта было ўказаньне зьверху — зь Берасьця ці зь Менску. І таму яны так адзначылі сваю працу, што яны былі, яны прайшлі, яны адзначылі ўсё”.

Пратакол дзяржаўная камісія склала і на пастара незарэгістраванай кобрынскай царквы Эвангельскіх хрысьціянаў баптыстаў Сьцяпана Канавальчука.

Супрацоўнік інфармацыйнага цэнтру “Свабода сумленьня” Станіслаў Акінчыц так пракамэнтаваў дзеяньні кобрынскіх чыноўнікаў: “Тут улады дзейнічаюць старым савецкім спосабам. Яны чапляюцца да вернікаў. Прычым, гэта робіцца ня ў форме парушэньня іхных правоў, а ў форме менавіта прыдзірак розных службаў. Гэта Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях, санстанцыя, яшчэ хто-небудзь. Дэманструючы, што гэта пытаньне нерэлігійнае, а нейкіх там пятых, шостых, сёмых службаў. Пры гэтым дзейнічаюць выбарачна: пад ударам апынаюцца, перадусім, пратэстанцкія цэрквы”.

Праблемы таксама зьявіліся і ў незарэгістраванай грамады Эвангельскіх хрысьціянаў баптыстаў у Берасьці. Днямі ўлады нават хацелі апячатаць іх царкву на той падставе, што яна знаходзіцца занадта блізка ад жылых дамоў і гаспадарчых пабудоваў. Вернікі пакуль сваю сьвятыню адстаялі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства