Паводле вынікаў судова-мэдычнай экспэртызы, прычына сьмерці журналіста “Народнай волі” – чэрапна -мазгавая траўма
У судова-мэдычнай экспэртызе менскага абласнога шпіталю правялі экспэртызу цела журналіста Васіля Гроднікава, якога знайшлі мёртвым 18 кастрычніка ў сваім доме ў Заслаўі. Экспэрт паведаміла радыё Свабода, што прычынай сьмерці зьявілася чэрапна-мазгавая траўма. А была сьмерць гвалтоўная ці не, гэта высьветляць сьледчыя органы, міліцыя і пракуратура.
Брат Васіля Гроднікава пісьменьнік Мікалай Гроднеў ужо заявіў, што не выключае гвалтоўнай сьмерці брата, у тым ліку ягонага забойства паводле прычынаў, не зьвязаных з побытам ці з крыміналам. Ён спаслаўся на абстаноўку ў доме брата: плямы крыві ў розных пакоях, раскіданыя рэчы, разламаная мэбля.
Паводле пляменьніка нябожчыка Андрэя Гроднева, увесну Васіль Гроднікаў быў некім зьбіты настолькі, што патрапіў у шпіталь. Пры гэтым ён нікому не казаў, што зь ім адбылося. Андрэй Гроднеў таксама мяркуе, што абстаноўка ў доме памерлага выглядала падазронай: “Ня ведаю. Кроў была і на сьцяне, і на печцы, унізе ўваходных дзьвярэй. Ці ён хадзіў у крыві, ці яго цягалі, хай высьвятляюць”.
Вынікі праверкі сьмерці журналіста, аднак, пакуль невядомыя. Міліцыя Заслаўя перадала праверку гэтага выпадку менскай раённай пракуратуры, што сьведчыць пра яе важкасьць, аднак ці заведзеная крымінальная справа, у пракуратуры 19 кастрычніка не паведамлялі.
Журналіста пахаваюць 20 кастрычніка на Паўночных могілках Менску.
Васіль Гроднікаў быў адным са сталых аўтараў “Народнай Волі”. Ён друкаваў у газэце свае нарысы і артыкулы на вострыя сацыяльныя тэмы. Быў узнагароджаны прэстыжнай журналісцкай прэміяй імя Анатоля Майсені. Між тым, рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч заявіў, што ня бачыць падставаў для забойства журналіста паводле палітычных прычынаў.