viasna on patreon

70% грамадзянскага сектару Беларусі - пад пагрозай турэмнага зняволення

2009 2009-11-03T14:27:30+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/supolnast.jpg

2 лістапада ў Мінску сабраліся ўдзельнікі канферэнцыі 'Форум грамадзянскай супольнасці 'Усходняга партнёрства': парадак дня для Беларусі'. Асноўнай мэтай імпрэзы - узгадненне пазіцый перад паседжаннем 16-17 лістапада ў Брусэлі І Форуму грамадзянскай супольнасьці шасці паслясавецкіх краінаў, запрошаных да ўдзелу ў праграме Еўразвязу 'Усходняе партнёрства'.

Для ўдзелу ў брусэльскім форуме арганізатары запрасілі 27 прадстаўнікоў з Беларусі. Квоты падзеленыя паміж афіцыйнымі і недзяржаўнымі структурамі з невялікай перавагай на карысць трэцяга сектару. Гэтая акалічнасць стала лейтматывам усяго мерапрыемства: беларуская дэлегацыя не можа прыехаць у сталіцу аб'яднанай Еўропы з амаль трыма дзесяткамі асобных меркаванняў, а мусіць выпрацаваць інтэграваную пазіцыю. Ці ўдасца гэта зрабіць? Вось думка кіраўніка фонду імя Льва Сапегі Міраслава Кобасы:

'Тэарэтычна можа быць і 27 пазіцый, чаму не? Але, канечне, пытанне паўстала, і ў тым сэнсе было выказана, што некаторым Асноўная задача канферэнцыі - вызначыцца, каб гэта не было ў лес, па дровы і хто ведае куды яшчэ. Дэлегацыям трэба вызначыцца: якое сярод гэтых умоўна 27 меркаванняў з’яўляецца асноўным? Якое мы будзем прасоўваць на форуме? І ў гэтым сэнсе вельмі важна, каб мы насамрэч вызначыліся: якія ж гэта асноўныя кірункі, улічваючы рамкі чатырох платформаў, якія прапануе 'Усходняе партнёрства'? Дый асноўная задача канферэнцыі, я лічу, менавіта ў гэтым і палягае - вызначыцца, каб гэта не было ў лес, па дровы і хто ведае куды яшчэ. Каб не было лебедзя, рака і шчупака'.

Дыялог паміж грамадзянскай супольнасцю і ўладамі Беларусі Еўрапейская камісія прапануе весці на чатырох асноўных платформах: 'Дэмакратыя, належнае дзяржаўнае кіраванне і стабільнасць', 'Эканамічная інтэграцыя і збліжэнне з палітычнымі курсамі ЕЗ', 'Навакольнае асяродздзе, змена клімату і энэргетычная бяспека', 'Кантактаванне паміж людзьмі'.

Аташэ Еўракамісіі ў Рэспубліцы Беларусь Яніс Айзсалніекс засцярог удзельнікаў ад залішняй ідэалагізацыі маючага адбыцца ў Брусэлі форуму. Але, на яго думку, гэта цудоўная нагода, каб удакладніць супольную пазіцыю не толькі паміж уладнымі і грамадзянскімі структурамі, але і ўнутры дэмакратычнага руху:
'Напэўна, форум грамадзянскай супольнасці не будзе цудоўнай магчымасцю вырашыць праблемы ў розных грамадствах і рэгіёнах 'Усходняга партнёрства'. Трэба зразумець, ідучы на гэты форум, што ён сам па сабе не зможа прапанаваць нейкія вельмі добрыя рашэнні. Але да чаго ён будзе імкнуцца? У любым выпадку будзе імкнуцца да таго, каб дапоўніць міжурадавыя перамовы поглядам грамадзянскай супольнасці. Будзе імкнуцца да таго, каб развіваўся дыялог з грамадзянскай супольнасцю ўнутры краінаў 'Усходняга партнёрства' (яшчэ адзін форум, які дае такую магчымасць). Форум будзе намагацца падзяліцца досведам еўраінтэграцыі, наладжвання сувязяў з Еўразвязам. Адным словам, каб ацаніць унёсак грамадзянскай супольнасці ва 'Усходняе партнёрства' і ацаніць асаблівасці шматбаковага супрацоўніцтва супольнасці'.
У пераважнай бальшыні прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці былі вымушаныя ўзгадняць пазіцыі ў вузкім коле, паколькі, здавалася, дзяржаўныя ўстановы праігнаравалі мінскі форум. Аднак падчас працы палітычнай секцыі нечакана адазваўся галоўны спецыяліст камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты Прадстаўнікоў Ігар Лапека. Ён паразважаў над тым, што трэцяму сектару ўсё ж нельга адрывацца ад дзяржавы, якая якраз забяспечвае развіццё грамадзянскай супольнасці:
'Безумоўна, у нас вельмі шмат праблемаў з узаемадзеяннем і грамадства, і дзяржавы. Але я хацеў бы не пагадзіцца з выступоўцамі, што, маўляў, без грамадскага кантролю праблемы 'Усходняга партнёрства' ды іншыя будуць уладай дэзавуяваныя, улада нібыта не жадае. Задача дзяржавы - каб грамадзянская супольнасць і ўсе яе інстытуты дзейнічалі ў адпаведнасці са сваімі статутнымі і іншымі патрабаваннямі.вырашэння тых задачаў, якія ставіць перад сабой уваходжанне ў 'Партнёрства'. Па выступах, па асобных выказваньнях я зрабіў выснову: паняцце грамадзянскай супольнасці не да канца аднолькава разумеецца пры вырашэнні праблемных пытанняў, якія ёсць у любым грамадстве. Так, задача дзяржавы - ва ўзаемадзеянні з грамадзянскай супольнасцю. Але найперш праз стварэнне ўмоваў дзеля таго, каб грамадзянская супольнасць і ўсе яе інстытуты дзейнічалі ў адпаведнасці са сваімі статутнымі і іншымі патрабаваннямі'.
У сваю чаргу, праваабаронца Алена Танкачова, звяртаючыся да прадстаўніка заканадаўчага сходу, заявіла: некаторыя захады беларускага кіраўніцтва зводзяць на нуль усе намаганні па еўрапейскай інтэграцыі Беларусі. У прыватнасці, гэта тычыцца татальнага вынішчэння грамадскага сектару як класу:
'Прыбярыце ганебную, прыкрую і неправавую норму - артыкул 193-прым з Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Проста сорамна размаўляць пра гэта на міжнароднай арэне з замежнымі калегамі. Таму што падобнага анахранізму, апроч як у краінах іншай культуры, на еўрапейскай прасторы не існуе. Прыбярыце, не няслаўцеся. І перастаньце тады 'вымушана' саджаць па гэтым артыкуле. То бок, масава саджаць нібыта перасталі, а артыкул застаўся. Цяпер 70% беларускага грамадзянскага сектару існуюць і дзейнічаюць у рамках незарэгістраваных грамадскіх арганізацый. 70% грамадзянскага сектару Беларусі па-ранейшаму пад пагрозай турэмнага зняволення. Прыбярыце - і будзем далей развівацца'.
Прадстаўляць беларускую грамадзянскую супольнасьць 16-17 лістапада ў Брусэлі будуць актывісты Міжнароднай арганізацыі 'ЕўраБеларусь', руху 'За свабоду', Беларускага Хельсынскага камітэту, Цэнтру сацыяльных інавацыяў, Беларускай асацыяцыі журналістаў, адукацыйнага цэнтру 'Пост', фонду Льва Сапегі, Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў ды іншых. Паводле папярэдніх звестак, у складзе 'афіцыйнай' часткі дэлегацыі будуць прадстаўнікі Беларускай фэдэрацыі прафсаюзаў, Гандлёва-прамысловай палаты і аднаго з прадпрымальніцкіх аб'яднанняў. .

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства