Маланакладная газета «Брама» атрымала папярэджанне з пракуратуры
Рэдактар незарэгістраванай маланакладнай нясвіжскай газеты «Брама» Алесь Язвінскі атрымаў папярэджанне пракуратуры аб недапушчальнасці парушэння артыкула 23 закона «Аб сродках масавай інфармацыі».
Як распавёў у гутарцы з прэс-службай БАЖ Алесь Язвінскі, афіцыйнае папярэджанне 26 кастрычніка яму ўручыў пракурор Нясвіжскага раёна Андрэй Каморнік.
Паводле дакумента, папярэджанне зробленае за тое, што рэдактар грамадска-палітычнай газеты «Брама» не дасылаў абавязковыя бясплатныя асобнікі выдання на адрасы шэрагу дзяржаўных устаноў, як гэта прадугледжана заканадаўствам.
Па словах сп. Язвінскага, 26 кастрычніка да яго на працу наведаўся ўчастковы міліцыянт і ўручыў яму павестку ў пракуратуру. У паперы без подпісу і пячаткі паведамлялася, што сп. Язвінскага выклікаюць у якасці сведкі (па якой справе, не ўдакладнялася).
Рэдактар «Брамы» вырашыў наведацца ў пракуратуру ў той жа дзень. Пракурор Каморнік спачатку зрабіў заўвагу наконт выходных дадзеных газеты. Выслухаўшы тлумачэнні рэдактара па гэтым пытанні, зрабіў папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння артыкула 23 закона аб СМІ.
Даведка:
Недзяржаўная газета «Брама» выходзіць з 2000 года накладам да 299 асобнікаў. Распаўсюджваецца ў Нясвіжы і яго рэгіёне (Мінская вобласць).