Сям'ю забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай зноў выклікаюць у пракуратуру
Прэс-служба БАЖу паведаміла, што 18-га кастрычніка маці забітай год таму журналісткі Веранікі Чаркасавай, Дыяну Цімафееўну Чаркасаву, і сына, Антона Філімонава, выклікаюць у пракуратуру г. Мінска. Паводле павестак, якія яны атрымалі ў канцы мінулага тыдня, ім трэба з'явіцца з пашпартамі да начальніка следчага аддзелу па найважнейшых справах пракуратуры г. Мінска Віктара Фешчанкі.
Ужо год ідзе следства па гэтай справе, якое дагэтуль не прынесла канкрэтнага выніку. Апошняя інфармацыя, што публічна прагучала на гэты конт ад прадстаўнікоў Пракуратуры РБ - гэта што па справе працягваецца "актыўная аператыўна-следчая праца", і што пракуратура "правярае" каля 10 версій гэтага забойства. Пра гэта 23 чэрвеня на прэс-канферэнцыі заявіў намеснік Генеральнага пракурора РБ Віктар Прус, працягваючы тэрмін следства па гэтай справе. У канцы жніўня гэты тэрмін быў працягнуты ў чарговы раз. Ніякай інфармацыі пра ход следства блізкія Веранікі ўвесь гэты час не атрымлівалі.