Справа падаткавай інспекцыі супраць БХК адноўленая
Намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Яўген Сьмірноў падаў пратэст на судовае рашэньне, паводле якога былі адмененыя прэтэнзіі падаткавых органаў да грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі Хельсынскі камітэт”. Пра гэта карэспандэнту Асамблеі НДА стала вядома 15 кастрычніка.
Нагадаем, што ў мінулым годзе БХК выйграў судовы працэс у падаткавых органаў: гаспадарчы суд Менску, а потым і касацыйная інстанцыя прызналі дзейнасьць няўрадавай арганізацыі цалкам адпаведнай заканадаўству. Судовыя інстытуцыі розных узроўняў неаднаразова пацьвярджалі правамоцнасьць міжнароднай дамовы, якая вызваляе ад выплаты падаткаў суб’екты-ўдзельнікаў праграмы TACIS. Падаткавая інспэкцыя неаднаразова падавала надзорныя скаргі ў Вышэйшы гаспадарчы суд і рэспубліканскую пракуратуру. Апошняя з гэтых спробаў падаткавікоў прынесла плён: судзьдзя Сьмірноў прызнаў, што пакладзены ў аснову судовага рашэньня пераклад пагадненьня паміж Беларусьсю і Эўразьвязам быў патлумачаны судом няправільна.
Такім чынам, суд зноўку будзе ацэньваць абгрунтаванасьць рашэньня Інспэкцыі па падатках і зборах Маскоўскага раёну г.Менска, паводле якога праваабарончая арганізацыя нібыта мусіць сплаціць каля 200 тысяч даляраў падаткаў зь атрыманай міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Па неафіцыйнай інфармацыі, раённая падаткавая інспэкцыя не пакідае справу БХК і працягвае абскарджваньне ў розных інстанцыях па прамым указаньні з Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь.
Адзначым, што разам з пачаткам справы аб нібыта нявыплаце падаткаў была распачатая непасрэдна зьвязаная з названай крымінальная справа супраць старшыні БХК Тацьцяны Процькі і бугальтаркі арганізацыі. Па нашай інфармацыі, крымінальная справа таксама дагэтуль не закрытая.
Распачаты перагляд апошняга судовага рашэньня, якое абвяргае законнасьць патрабаваньняў падаткавай да БХК, можа мець непрадказальныя наступствы для дзясяткаў іншых грамадзкіх арганізацыяў Беларусі, што атрымлівалі фінансаваньне па праграме TACIS. У мінулым годзе падобная спрэчка з падаткавымі органамі была вырашаная на карысьць слонімскай арганізацыі “Воля да развіцьця”, а цяпер у Вышэйшым гаспадарчым судзе разглядаецца такая ж справа па Беларускім саюзе маладзёвых і дзіцячых грамадзкіх аб’яднаньняў “Рада”.