Дырэктар друкарні выклікае ў суд недзяржаўную газету
Зыск аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі супраць недзяржаўнай газеты «Борисовские новости» і аўтара выдання Анатоля Мазгова накіраваў у суд дырэктар унітарнага прадпрыемства «Барысаўская ўзбуйнёная друкарня імя 1 Мая», дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Завацкі.
Як паведамілі службе маніторынгу ГА «БАЖ» у рэдакцыі выдання, падставай для звароту ў суд стаў артыкул «Чудачество директора или соблюдение трудового законодательства?»(«Борисовские новости » №41 (911) ад 07.10.2009 г.).
Спрэчная публікацыя пачыналася з ліста ў рэдакцыю «БН» аднаго з работнікаў друкарні. У ім аўтар, які не пажадаў назваць сваё прозвішча, скардзіўся на парушэнне кіраўніком прадпрыемства А. Завацкім працоўнага заканадаўства. Журналіст Анатоль Мазгоў папрасіў пракаментаваць гэты ліст непасрэдна спадара Завацкага, іншых кіраўнікоў і работнікаў друкарні, а таксама незалежнага юрыста Алега Мацкевіча.
Нягледзячы на тое, што журналіст найперш даў выказацца самому дырэктару друкарні, А. Завацкі палічыў публікацыю ліста абражальнай.
Зыскоўца патрабуе праз суд абвяржэння матэрыялу, а таксама грашовай кампенсацыі за маральны ўрон: 4 мільёны рублёў з ПУП «Букас медиа-центр» (заснавальніка газеты «Борисовские новости») і 1 мільён рублёў — з аўтара артыкула Анатоля Мазгова.
Першая сустрэча бакоў мае адбыцца 29 кастрычніка ў Барысаўскім раённым судзе.