Стан здароўя палітзьняволенага Валера Леванеўскага пагоршыўся: ён пераведзены ў турэмны шпіталь
Валер Леванеўскі пераведзены з Івацэвіцкай калёніі ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь, паведаміла радыё Свабода. Паводле сваякоў вязьня, хвароба сэрца ў Леванеўскага абвастрылася пасьля галадовак на знак пратэсту супраць парушэньняў яго правоў.
Паводле сына Леванеўскага Уладзімера, "у яго пачалі балець сэрца і сьпіна, а ён ня ведае, чаму. Вырашыў падлячыцца і адначасова абсьледавацца".
У Івацэвіцкай калёніі пацьвердзілі, што Леванеўскі з чарговым этапам адбыў у Менск, але ў менскай калёніі зьвестак пры вязьня не даюць. Спасылаюцца на службовую інструкцыю, паводле якой па такую інфармацыю трэба зьвяртацца зь пісьмовым запытам.
Сваякі Леванеўскага не выключаюць, што шлях да шпіталя зойме некалькі дзён, і Валер Леванеўскі можа яшчэ знаходзіцца ў Баранавічах. У ізалятары гэтага гораду вязьняў зьбіраюць, каб вялікімі групамі накіраваць ў іншыя месцы. Напачатку году на шляху з Магілёўскай калёніі ў Івацэвіцкую Валер Леванеўскі ўжо правёў у Баранавіцкім ізалятары некалькі дзён. Пазьней ён пісаў сваякам пра дрэнныя ўмовы ўтрыманьня ў гэтым ізалятары. У прыватнасьці пра тое, што вязьні не атрымлівалі ад лекараў неабходнай мэдычнай дапамогі.
Валер Леванеўскі за паўтара года няволі чатыры разы трымаў галадоўкі. Гэтым ён дамагаўся паляпшэньня ўмоваў утрыманьня і разгляду сваіх скаргаў. Самая працяглая з галадовак Леванеўскага цягнулася амаль тры тыдні. Пасьля апошняй галадоўкі Валер Леванеўскі патрапіў у мэдычную частку калёніі, дзе яму паставілі дыягназ “арытмія сэрца”.