Лідэру Гарадзенскай арганізацыі Маладога Фронту Яўгена Скрабутана пагражаюць выключэньнем з унівэрсытэту.
Падставай для гэтага сталіся правакацыйныя ўлёткі, распаўсюджаныя ў навучальнай установе ад імя Маладога Фронту.
Пра гэта паведмляе http://www.belngo.info/.Яўген Скрабутан, студэнт 3 курсу беларускай філялёгіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту нядаўна быў выкліканы да прарэктара па навучальнай працы Тацяны Бадзюковай. Яна паказала хлопцу ўлетку, на якой быў малюнак чалавека ў масцы з рагаткай і надпісам: “Не дазволім запляміць гонар і славу нацыі”. На ўлётцы таксама зьмешчаны нумар мабільнага тэлефону, якім, па словах прарэктаркі, карыстаўся Я. Скрабутан.
“Гэта брудная правакацыя, — кажа маладафронтавец. — Пазначаны нумар быў зарэгістраваны на імя маёй аднакурсьніцы, якая аддала мне SIM-карту. Аднак я даўно яе згубіў і цяпер у мяне абсалютна іншы нумар. Я ня маю ніякага дачыненьня да гэтай улёткі”.
Т. Бадзюкова абвінаваціла студэнта ў распаўсюдзе маладафронтаўскіх улётак, “здрадзе дзяржаўнай моладзевай палітыцы” і ў “тэрарызме”. Яна паабяцала выключыць з унівэрсытэту Скрабутана і ягоных аднакурсьнікаў, якія зьвязаныя з Маладым Фронтам.
Нагадаем, што гэта ўжо другая спроба запалохаць маладафронтаўскага лідэра і выключыць яго з унівэрсытэту па палітычных матывах. Першы раз гэта адбылося ў 2004 годзе. Аднак тады, з дапамогай скаргаў у пракуратуру на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў вышэйшай навучальнай установы, Яўген Скрабутан быў адноўлены.