viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, верасень 2009 году

2009 2009-10-12T15:43:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/090909action02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Верасень завяршаў дадатковы шасьцімесяцовы тэставы перыяд, які быў дадзены беларускім уладам для правядзеньня дэмактарычных зьменаў у краіне. Між тым, па меркаваньні прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных структураў, рэальных крокаў для паляпшэньня сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі зроблена не было, і асноўныя свабоды, уласьцівыя дэмакратычнаму грамадзтву, такія як свабода мірных сходаў, свабода асацыяцыяў, свабода слова, свабода сумленьня, у Беларусі былі абмежаваныя. Так, 24 верасьня падчас брыфінгу для  прадстаўнікоў міжнародных місій і журналістаў Асамблея дэмакратычных НДА Беларусі агучыла свае папярэднія ацэнкі дзеяньняў беларускіх уладаў па нармалізацыі становішча няўрадавых арганізацыяў у сьвятле заканчэньня чарговага перыяду прыпыненьня санкцыяў з боку Еўразьвязу. Кіраўнік Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч канстатаваў, што ў дачыненьні да трох пунктаў, на якіх настойваў Еўразвяз, а менавіта – адмена артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу, вырашэньне праблемаў з рэгістрацыяй грамадзкіх арганізацыяў і ўвядзеньне ільготных ставак арэнды для іх,  прагрэсу не заўважаецца. За сакавік-верасень 2009 году з адмовамі ў рэгістрацыі сутыкнуліся шматлікія моладзевыя і праваабарончыя грамадзкія аб’яднаньні, прычым у абсалютнай большасьці выпадкаў адмовы зьяўляюцца сумнеўнымі і відавочна абумоўленыя палітычнай воляй уладаў, якія імкнуцца не дапусьціць легальнага існаваньня НДА.

У верасьні ў Менску былі жорстка падаўленыя мірныя акцыі, удзельнікі якіх былі зьбітыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў. 9 верасьня ў цэнтры сталіцы на Кастрычніцкай плошчы была асабліва жорстка разагнаная мірная акцыя пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі. Яна праходзіла пад лозунгам “Не – расейскай акупацыі! Жыве Беларусь!” і была прымеркаваная да пачатку сумесных беларуска-расейскій вайсковых вучэнняў "Захад-2009". Супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя каля 30 чалавек, 17 з якіх пазней былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пры гэтым затрыманьні суправаджаліся выкарыстаньнем фізічнай сілы, нецэнзурнай лаянкай. У Цэнтральным РУУС міліцыянты прымусілі затрыманых стаяць ля сьцяны чатыры гадзіны, а некаторых моцна білі. Праваабаронцы заклікалі органы пракуратуры правесьці пракурорскія праверкі па фактах перавышэньня службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі і прыцягнуць вінаватых да вызначанай законам адказнасьці.

16 верасьня у Беларусі дэмакратычная грамадзкасьць адзначыла 10-ю гадавіну з моманту зьнікненьня ў Менску пры нявысьветленых абставінах апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Да гэтага часу ўлады Беларусі не зацікаўленыя ў раскрыцці злачынства і не даюць ніякіх аргументаваных адказаў сваякам зьніклых аб выніках праведзенага сьледзтва. У Дзень Салідарнасьці сталічная міліцыя разагнала мірную акцыю памяці Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. У выніку, у Менску было затрымана больш за дваццаць чалавек, міліцыянты ў цывільным не дазвалялі здымаць фота і тэлекарэспандэнтам ход падзеяў. Пры затрыманьні і пазьней супрацоўнікі міліцыі моцна зьбівалі дэманстрантаў. Найбольш пацярпеў палітык Мікалай Статкевіч. Усіх затрыманых адвезьлі ў пастарунак, адкуль вызвалілі без складаньня пратаколаў. Між тым на 16 затрыманых удзельнікаў аналагічнай акцыі, якая адбылася ў Гомелі, былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за правядзеньне несанкцыяванага масавага мерапрыемства (арт. 23.34. КаАП РБ). 17 верасьня Швецыя, якая старшынюе зараз у Еўразьвязе, выступіла з заявай, у якой запатрабавала ад Менску спыніць гвалт супраць мірных дэманстрантаў, а таксама забясьпечыць незалежным журналістам умовы для працы ў сваёй краіне. З нагоды грубых парушэньняў свабоды слова выказала свой пратэст і патрабаваньне прыцягнуць вінаватых да адказнасьці ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Пытаньне наяўнасьці палітвязьняў і палітычна матываванага перасьледу грамадзянаў, па-ранейшаму, застаецца актуальным для Беларусі: у магілёўскай калоніі знаходзіцца маладафронтавец Арцём Дубскі, “хатнюю хімію” адбывае Максім Дашук, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, а таксама фігуранты “працэсу 14-ці”, што знаходзяцца за мяжой і ня могуць вярнуцца на радзіму - Тацяна Цішкевіч,  Аляксей Бондар і Міхаіл Крываў.

19 верасьня Малады Фронт абвесьціў аб пачатку шырокай грамадзкай кампаніі па беларусізацыі. Мэта, якую ставяць перад сабою арганізатары кампаніі «За – беларускую  мову» – дамагчыся беларусізацыі ўсіх сьфераў грамадзкага жыцьця Беларусі, а найперш сьферы адукацыі. Асноўным сродкам рэалізацыі кампаніі  зьяўляцца збор подпісаў пад зваротам у дзяржаўныя інстытуты ўлады з патрабаваньнямі забясьпечыць фактычную роўнасьць беларускай мове з расійскай. У межах кампаніі плануецца таксама шэраг вулічных і адукацыйных мерапрыемстваў. Пяцімесяцовая кампанія мае быць завершана 21 лютага — у Міжнародны дзень роднай мовы. «Малады фронт» плануе перадаць ня менш за 50 000 подпісаў у вышэйшыя дзяржаўныя структуры: парламент, урад, Адміністрацыю прэзідэнта і шэраг міністэрстваў.

20–24 верасьня ў Беларусі з афіцыйным візітам знаходзілася група міжнародных арганізацыяў, якія займаюцца пытаньнямі СМІ і свабоды прэсы. Адной з удзельніц міжнароднай місіі сябру арганізацыі Civil Rights Defenders (былога Шведскага Хельсінкскага камітэту) Яанне Кураш было адмоўлена ў атрыманьні беларускай візы. Па выніках візіту сумесная дэлегацыя заклікала ўлады Беларусі прывесьці медыясьферу краіны ў адпаведнасьць з міжнароднымі стандартамі. Акрамя таго місія зрабіла рэкамендацыі, ськіраваныя на паляпшэньне і аздараўленьне сітуацыі са сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі і для дзяржаўных, і для недзяржаўных СМІ, а таксама на павышэньне прафесіяналізму, плюралізму і ролі СМІ ў дэмакратычным грамадзтве.

  1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

 3 верасьня Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў касацыйную скаргу заснавальнікаў праваабарончага аб’яднаньня «Брэсцкая вясна» на рашэньне абласнога суду, які падтрымаў рашэньне ўпраўленьня юстыцыі аблвыканкаму ад адмове ў рэгістрацыі. Па словах аднаго з заснавальнікаў “Брэсцкай вясны”, праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, гэты  суд скончыўся прадказальна.

 Міністэрства юстыцыі адклала рэгістрацыю Партыі працоўных і запатрабавала дадатковыя дакументы, якія тычацца парадку стварэньня партыі. 21 верасьня сябры аргкамітэту па стварэнні БПП накіравалі скаргу на дзеяньні Мінюсту ў Вярхоўны суд, а 19-га адправілі ліст у міністэрства, у якім адмовіліся прадастаўляць пратаколы сходаў ініцыятыўных груп па вылучэньні дэлегатаў на зьезд. Па меркаваньні старшыні аргкамітэту Аляксандра Бухвостава, Мінюст незаконна вылучае дадатковыя патрабаваньні па прадастаўленьні дакументаў.  Зьвярнуўшыся ў Вярхоўный суд, заснавальнікі партыі спадзяюцца, што Мінюст “перастане праводзіць рэпрэсіўны характар праверкі стварэньня партыі". Беларуская партыя працоўных зьяўляецца пераемніцай ліквідаванай у 2004 годзе Беларускай партыі працы.

  1. Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

 2 верасьня  на тэрыторыі 61-ай авіябазы ў Баранавічах затрымалі фотакарэспандэнтку недзяржаўнай рэгіянальнай газеты «Intex-press» Людмілу Пракопаву, якая па заданьні рэдакцыі асьвятляла жалобную цырымонію вяртаньня  на радзіму целаў лётчыкаў.  Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч загінулі на авіяшоў у Польшчы. Разам з галоўным рэдактарам газеты Уладзімірам Янукевічам, які прыехаў у камендатуру, яны былі вымушаныя пісаць тлумачальныя. Журналістку адпусцілі толькі праз чатыры гадзіны пасля затрыманьня. Л. Пракопава адзначыла, што яна прысутнічала не на вайсковых вучэньнях ці паказе вайсковай тэхнікі, а на грамадзка важнай падзеі. «Вядома, у вайскоўцаў сваё разуменьне прафесійнага абавязку, але, на жаль, пры гэтым прафесійны абавязак журналіста для іх – пустыя словы», – рэзюмавала фотакарэспандэнтка.

29 верасьня ў Рагачове супрацоўнікі міліцыі затрымалі старшыню Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова. У гэты дзень ў межах кампаніі гомельскай кааліцыі АДС за вяртаньне ільгот сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва ў райцэнтры актывісты распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы, у прыватнасьці бюлетэнь «Сацыяльная абарона», выдадзены гомельскімі дэмакратамі. У пастарунку ў партыйнага лідэра ўзялі тлумачэньні, пасьля чаго адпусьцілі.

Міністэрства замежных спраў адмовіла журналісту Радыё Рацыя Віктару Парфёненку ў акрэдытацыі ў Беларусі. Прычына адмовы не была канкрэтызавана, толькі схавана ў агульным пункце № 10 лакальнага палажэньня аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Журналіст чакаў адказу больш як 4 месяцы.

Вядомы магілёўскі тэлеаператар і фотамастак Вадзім Аршынскі за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат” атрымаў па пошце пракурорскае папярэджаньне аб парушэньні арт.11 Закону «Аб СМІ». «Пракуратура ў чарговы раз дэманструе няведаньне беларускага заканадаўства, а таксама дазваляе сабе яго парушаць, — пракаментаваў намесьнік старшыні ГА «БАЖ», юрыст Андрэй Бастунец. — Гэта ўжо ня першы выпадак, калі грамадзяніну выносяць папярэджаньне, нават не ўзяўшы ў яго папярэдне тлумачэньняў”. Па падліках юрыстаў БАЖ, з моманту ўступленьня ў сілу новага закону «Аб СМІ» за адсутнасьць акрэдытацыі было вынесена ўжо 13 папярэджаньняў беларускім журналістам, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ.

  1. Парушэньне права на свободу мірных сходаў

 Менгарвыканкам не дазволіў “Праваму альянсу” правесьці 16 верасьня ў парку Дружбы народаў пікет “Беларускім дзецям — беларускую школу” на той падставе, што акцыя нібыта будзе перашкаджаць руху машынаў на плошчы Бангалор.

 Менгарвыканкам выступіў супраць прадастаўленьня памяшканьня Менскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтру (JBB) для правядзеньня рэспубліканскай партыйнай канферэнцыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, нягледзячы на папярэдняе ўзгадненьне ўсіх арганізацыйных і фінансавых пытаньняў з адміністрацыяй адукацыйнай установы.

 Улады Берасьцейскай вобласьці не дазволілі актывістам  АДС правядзеньне 52 пікетаў супраць пагаршэньня матэрыяльнага становішча жыхароў рэгіёну. Акцыі былі запланаваныя на 30 верасьня. Сярод заяўнікаў пікетаў – 48 рэгіянальных актывістаў Партыі камуністаў Беларускай, 17 – БСДП, 12 – АГП, 3 – Партыі БНФ. У 47 выпадках чыноўнікі адмовілі на той падставе, што такія акцыі могуць праводзіцца толькі на стадыёне "Лакаматыў". А заяўнікам 5 пікетаў на самім спартовым аб'екце заявілі, што на стадыёне ў гэты дзень пройдзе традыцыйны футбольны турнір.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

 Намесьнік Старшыні Вярхоўнага Суду Беларусі наклаў пратэст на прысуд, вынесены ў чэрвені Цэнтральным райсудом сталіцы фігуранту “працэсу 14-ці” Алесю Стральцову аб замене пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі на больш мяккае: у выглядзе папраўчых работ па месцы працы з утрыманьнем 15 % ад заробку. Касацыйную скаргу, аргументаваную тым, што паводле закону аб амністыі А. Стральцоў мусіць быць увогуле амніставаны, Менгарсуд не задаволіў. І тады актывіст зьвярнуўся ў Вярхоўны Суд з надзорнай скаргай. Пракурорскі пратэст быў разгледжаны прэзідыумам Менскага гарадзкога суду, вынесены прысуд адменены, матэрыялы справы А. Стральцова накіраваныя на новы разгляд.

Моладзевая арганізацыя “Нацыянальны Альянс” абвесьціла пра правядзеньне з 28 верасьня па 10 кастрычніка ў розных рэгіёнах Украіны шэрагу вулічных акцыяў з патрабаваньнем вызваленьня Арцёма Дубскага. Таксама украінскія актывісты плануюць збор подпісаў да амбасадара Беларусі ва Ўкраіне Валянціна Вялічкі з патрабаваньнем вызваленьня А. Дубскага.

16 верасьня калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду не задаволіла касацыйную скаргу віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка на прысуд, вынесены яму 16 ліпеня абласным судом. Праваабаронцу асудзілі паводле артыкулу за распальваньне міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасьці. Судзьдзя Галіна Урбановіч прысудзіла Л. Сьвеціку буйны штраф нібыта за тое, што ён мае дачыненьне да напісаньня і распаўсюду лістоў ад імя радыкальнай нацыяналістычнай арганізацыі “РНЕ”.

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

 8 верасьня  сябры “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка і Маргарыта Кароль спрабавалі разгарнуць расьцяжку каля будынку расейскай амбасады ў Менску з мэтай прыцягнуць увагу грамадзкасьці і нагадаць пра Дзень беларускай вайсковай славы. Ахова выклікала спецназаўцаў, якія зацягнулі актывістаў у машыну і даставілі ў пастарунак. На наступны дзень суд Цэнтральнага раёну сталіцы пакараў Міколу Дземідзенку штрафам у памеры 30 б.в. (1 млн 50 тыс. руб.), Маргарыта Кароль аштрафаваная на 5 б.в. (175 тыс. руб). Да суду маладафронтаўцы ўтрымліваліся ў сьпецразмеркавальніку на Акрэсьціна.

 16 верасьня  Мазырскі суд прызнаў праваабаронцу Паўла Наздру вінаватым у парушэньні арт. 28.5 КаАП (несвоечасовае прадастаўленьне зьвестак у ваенкамат аб зьмяненьні месца працы) і пакараў яго штрафам у памеры тры базавы велічыні (105 тыс. рублёў). Паводле версіі суда, малады чалавек у ліпені ўладкаваўся на новую працу і не паведаміў пра гэта ў ваенкамат. Рашэньне суду П. Наздра мае намер абскардзіць. Гэта ўжо ня першы канфлікт райваенкамату з праваабаронцам.

  1. Перасьлед дэмакратычных актывістаў

 21 верасьня новы палітычны прызыўнік маладафронтавец Яўген Скрабец адпраўлены ў частку пад Магілёвам для службы ў чыгуначных войсках. Нягледзячы на тое, што актывіст мае сур'ёзнае захворваньне сьпіны, з якім служба ў войску забаронена, паўторная мэдычная камісія, якая адбылася па патрабаваньні ваенкамату, прызнала юнака прыдатным для службы ў войску.

 Праз суд дамагаўся аспрэчыць неправамоцныя дзеяньні гарадзкога ваенкамату  гомельскі маладафронтавец Андрусь Цянюта. Аднак суд Савецкага раёна Гомелю, які адбыўся 22 верасьня, адхіліў зыск з прозьбай прыпыніць прызыў у войска. Маладафронтавец патрабаваў прызначыць незалежнае мэдычнае абсьледаваньне наконт ягонай прыдатнасьці да вайсковай службы, бо ў жніўні яму быў пастаўлены дыягназ, які паводле пастановы міністэрстваў абароны і аховы здароўя не дазваляе служыць у войску: скаліёз хрыбетніка 2 ступені. Аднак ваенкамат накіраваў А. Цянюту на паўторнае абсьледаваньне ў абласны клінічны шпіталь, дзе яму зьмянілі дыягназ, панізіўшы ступень скаліёзу. 25 верасьня А. Цянюта накіраваны на вайсковую службу ў транспартныя войскі ў Жлобін.

  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня

 Намесьнік пракурора Маскоўскага раёну Менску Кірыл Мазоўка 9 верасьня склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні па арт. 23.1 КаАП і Закону «Аб пажарнай бясьпецы»на пастара Вячаслава Ганчарэнку за тое, што ў будынак не пусьцілі інсьпектара МНС. Між тым адмова вернікаў дапускаць у храм прадстаўнікоў выканаўчай улады зьяўляецца формай пратэсту супраць незаконных судовых пастановаў і дзейнічае з лістападу 2007 году. Адпаведнае рашэньне было прынятае агульным сходзе вернікаў. 30 верасьня судзьдзя Маскоўскага райсуду Алена Шэлько аштрафавала пастара Ганчарэнку на 12 б.в. (420 тыс. руб).

9 верасьня царква "Новае жыцьцё" зьвярнулася па падтрымку да сьпецыяльнага прадстаўніка па парушэньні правоў вернікаў Камітэту па правах чалавека ААН. Супрацьстаяньне пратэстанцкай царквы з менскімі ўладамі цягнецца з кастрычніка  2005 году. 

  1. Дзейнасьць сьпецслужбаў

 23 верасьня ў кватэру берасьцейскага журналіста Зьмітра Кіселя, які супрацоўнічае з Радыё Рацыя, спрабавалі ўварвацца двое ў цывільным, каб сілай даставіць яго ў пракуратуру. Па словах журналіста, гэта былі супрацоўнікі мясцовага КДБ. На наступны дзень З. Кісель атрымаў вуснае папярэджаньне ад мясцовай пракуратуры за вядзеньне журналісцкай дзейнасьці без акрэдытацыі. Заяву на яго напісала галоўнае ўпраўленьне КДБ па Берасьцейскай вобласьці, яны падрыхтавалі ўсе раздрукоўкі з інтэрнэту, дзе згадвалася імя журналіста.

  1. Катаваньні і іншыя віды жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня

 Моладзевыя актывісты, затрыманыя падчас гвалтоўнага разгону акцыі пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі ў межах вайсковых вучэньнях "Захад-2009" і зьбітыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў, накіравалі скаргі ў пракуратуру з патрабаваньнем правесьці праверку і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых. У сваіх скаргах Максім Сергіец і Аляксей Сянчыла падрабязна апісваюць, як паводзілі сябе міліцыянты. ПЦ “Вясна” зьбірае факты выкарыстаньня катаваньняў і іншых відаў жорсткага абыходжаньня ў дачыненьні да людзей, якія былі затрыманыя за ўдзел у мірных акцыях 9 і 16 верасьня. Юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч упэўнены, што гэта варта рабіць у любым выпадку, незалежна ад таго, наколькі сёньня магчыма дабіцца прыцягненьня вінаватых да адказнасьці: “ Мы рыхтуем скаргі ў пракуратуру, на дадзены момант такіх скаргаў пададзена ўжо 6. У іх мы ставім пытаньне аб узбуджэньні крымінальных справаў адносна супрацоўнікаў міліцыі, якія перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы. Мы адназначна расцэньваем факты зьбіцьця затрыманых у аўтобусах, РУУС як катаваньні. Падобныя дзеяньні мелі, па мой погляд, яўна дэманстратыўны характар, і гэта, нажаль, ужо зьяўляецца пэўнай сістэмай”.

  1. Звальненьні і адлічэньні з вучобы па палітычных матывах

 Актывістку руху “Маладая Беларусь” Касю Галіцкую звольнілі з працы. Яна паведаміла, што ў офіс кампаніі перад гэтым заходзіў палкоўнік КДБ. Дзяўчына працавала ў замежнай кампаніі, якая займалася продажам буйной тэхнікі. Раней ў актывісткі з-за яе палітычнай дзейнасьці былі праблемы на вучобе. К. Галіцкую, якая на той час была актывісткай “Маладога Фронту”, двойчы звальнялі з працы з палітычных прычынаў. За актыўны ўдзел у вулічных акцыях яна не аднойчы адбывала адміністрацыйныя арышты.

  1. Парушэньні правоў асуджаных, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі

 7 верасьня арыштаванага Мікалая Аўтуховіча перавялі з мэдчасткі менскага сьледчага ізалятару ў агульную камеру. Адвакат ваўкавыскага прадпрымальніка, які бачыўся з ім на наступны дзень, паведаміў, што  вязень выглядае значна схуднелым, і дагэтуль ня можа ўжываць турэмную ежу.

У Гомельскай жаночай папраўчай калоніі № 4 аб'явіла бестэрміновую галадоўку наваполацкая прадпрымальніца Яўгенія Бочурная. Асуджаная пайшла на скрайнія меры ў адстойваньні сваіх правоў у сувязі з тым, што ёй забаранілі купляць прадукты ў краме. Увогуле яна неаднаразова зьвярталася са скаргамі ў Дэпартамент выкананьня пакараньня, МУС, пракуратуру на ўмовы ўтрыманьня асуджаных у жаночай калоніі. У адказ яна атрымлівала спагнаньні ад адміністрацыі ўстановы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства