Родным не даюць сустрэцца з палітзняволеным Сяргеям Скрабцом
Родныя ня бачылі Сяргея Скрабца ўжо амаль два месяцы, хаця афіцыйна можна мець сустрэчы раз на месяц. Жонка Сяргея Скрабца так патлумачыла гэта: "Сьледчы нам адмовіў у сустрэчы: вось мы перададзім справу ў суд, а там прасіце ў судзьдзі. І вось ужо месяц прайшоў, паўтара... І ў якім судзе, у якога судзьдзі? Проста ён не захацеў – і ўсё".
Пакуль імя судзьдзі, які будзе весьці справу спадара Скрабца, невядомае. Таму пакуль сваякі могуць толькі перадаць вязьню перадачу. Гэтым разам яму акрамя прадуктаў уклалі квітанцыю на падпіску "БДГ. Деловая газета".
Маці былога дэпутата – Ніна Рыгораўна рассказала радыё Свабодзе, што ў "Валадарцы", дзе па-ранейшаму знаходзіцца яе старэйшы сын, існуе правіла: каб вязень атрымліваў нейкае выданьне, трэба ня толькі выпісаць яго на пошце, але і перадаць у ізалятар арыгінал альбо ксэракопію квітанцыі. Калі гэтага не зрабіць, дык і газэта альбо часопіс ня дойдуць да адрасата. У гэтым бацькі Сяргея Скрабца пераканаліся, калі выпісалі яму "Народную Волю". Пэўны час вязень яе не атрымліваў таму, што бацькам ніхто не паведаміў пра турэмныя правілы.