Анатоль Лябедзька выйграў судовы працэс
Судзьдзя Берасьцейскага раёну Валянціна Кавенка спыніла разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў сувязі з адсутнасьцю ў ягоных дзеяньнях складу правапарушэньня.
У суд Берасьцейскага раёну Анатоля Лябедзьку выклікалі паводле абвінавачваньня ў арганізацыі несанкцыянаванага сходу ў паселішчы Дамачава. У часе гэтага сходу, які адбыўся сёлета 9 ліпеня, былі вылучаныя дэлегаты для ўдзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Пазьней у міліцэйскіх пратаколах арганізатарамі сходу, у прыватнасьці, былі названыя Анатоль Лябедзька і Станіслаў Шушкевіч.
Спадар Лябедзька абверг гэтыя высновы, што знайшло сваё пацьверджаньне ў судзе, паведаміла радыё Свабода.
Што тычыцца кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслава Шушкевіча, дык ён у Берасьце на суд не прыехаў.