viasna on patreon

“Права моцы, а не закону пануе ў нашых краінах”

2009 2009-10-08T16:39:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/u_sudze.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 кастрычніка Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі і юрыст Уладзімір Лабковіч у якасьці назіральнікаў ад Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека і Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў прысутнічалі на судзе па зыску прэзідэнта Чачэнскай рэсупблікі Ахмата Кадырава па абароне гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі супраць расійскай праваабарончай арганізацыі “Мемарыял”.

Пасьля выкраданьня і забойства ў Чачні 15 ліпеня 2009 года вядомай чачэнскай праваабаронцы Натальлі Эсьціміравай кіраўнік “Мемарыялу” Алег Арлоў заявіў: “Я ведаю, я ўпэўнены ў тым, хто вінаваты ў забойстве Наташы Эсьціміравай. Мы ўсе гэтага чалавека ведаем. Завуць яго Рамзан Кадыраў, гэта прэзідэнт Чачэнскай рэспублікі. Рамзан ужо пагражаў Натальлі, зьневажаў, лічыў яе сваім асабістым ворагам. Мы ня ведаем, ці ён аддаў загад сам ці гэта зрабілі ягоныя бліжэйшыя саратнікі, каб дагадзіць начальству. А Прэзідэнта Мядзьведзева, відаць, задавальняе забойца ў якасьці кіраўніка аднаго з суб’ектаў РФ”. Таксама “Мемарыял” вырашыў спыніць праваабарончую працу ў Чачні з прычыны немагчымасьці яе працягваць.

У выніку судовага разьбіральніцтва, сябры “Мемарыялу” агучылі факты і сьведчаньні, якія поўна паказваюць карціну страху і тэрору, якая існуе ў сёньняшняй Чачні. На думку “Мемарыялу”, сёньняшнія чачэнскія ўлады, са згоды Масквы,  усталявалі ў краіне жорсткі аўтарытарны рэжым, які падаўляе ўсялякае іншадумства, ужываючы гвалт і тэрор. У краіне забіваюць грамадзкіх актывістаў, катуюць і паляць дамы звычайных грамадзянаў.

І хаця Цьвярскі суд г.Масквы пакараў Мемарыял штрафам і пастанавіў абвергнуць выказваньне А.Арлова, тым ня меньш расійскія праваабаронцы адчувалі маральную перамогу.

Беларускія назіральнікі, якія былі асабіста знаёмыя з Натальляй Эсьціміравай,  змаглі параўнаць метады падаўленьня грамадзянскіх ініцыятываў у Чачні і Беларусі і прыйшлі да высновы, што хоць  беларускія ўлады ўжываюць іншыя рэпрэсіўныя метады, але вынікі такога супрацьстаяньня ўладаў і грамадзянскай супольнасьці атрымліваюцца практычна аднолькавыя. У нашых грамадзтвах існуе вялікі ўзровень страху. Улады, прыкрываючыся дэкларатыўнымі заявамі, цалкам ігнаруюць правы грамадзянаў Чачні і Беларусі. Права моцы, а не закону пануе ў нашых краінах.

Па выніках назіраньня будзе падрыхтаваны сьпецыяльны даклад.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства