За распаўсюд "Народнай волі" пачалі затрымліваць
"Народная воля" на гэтым тыдні будзе выходзіць паводле свайго звычайнага графіку і плануе выпусціць 5 нумароў. Пра гэта ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" паведаміла намесніца галоўнага рэдактара выдання Святлана Калінкіна. Між тым, за распаўсюд гэтай газеты ў некаторых рэгіёнах Беларусі ўжо затрымліваюць грамадскіх актывістаў.
7 кастрычніка ў Гродне міліцыя затрымала карэспандэнта газеты "Салідарнасць", прафсаюзнага актывіста Івана Романа, які раздаваў рабочым заводу аўтаагрэгатаў нумар "Народнай волі" за 5 кастрычніка, прысвечаны Кангрэсу дэмакратычных сілаў. І. Романа пратрымалі ў аддзяленні міліцыі Дзевятоўка каля гадзіны, склаўшы на яго пратакол, у якім указвалася, што ён раздаваў газету "Народная воля".
“Мяне здзівіла, што гэтым разам за мной прыехалі за сем хвілінаў, - сказаў журналісту ПАГОНІ Ян Роман. - Пратакол быў складзены за тое, што я распаўсюджваў "Народную волю". Але гэта не з'яўляецца складам злачынства паводле беларускага права!”