Падатковая, як сродак ціску спецслужбаў?
Інспекцыя па падатках і зборах Заводскага раёну патрабуе ў актывіста даць справаздачу па даходах за апошнія пяць гадоў.
Прыхільніка Руху "За Свабоду" і актывіста "Вольнай моладзі" Мікіту Краснова чарговы раз выклікалі ў падатковую інспекцыю. Паводле позвы, ён мусіць з'явіцца да падаткавікоў 25 верасня. Ад яго патрабуюць сплаціць падаткі за атрыманую падчас навучання ў ЕГУ стыпендыю, а таксама пісьмова прадставіць свае крыніцы даходаў за апошнія пяць гадоў.
Паводле актывіста, падаткавікі да размовы падрыхтаваліся сур'ёзна:
− Яны сабралі ўсе звесткі па маіх выдатках за апошнія гады: рахункі за тэлефонныя размовы, плату за камунальныя паслугі, набыццё квіткоў на цягнік… Я мушу пісьмова распісаць крыніцы сваіх даходаў за пяцігадовы перыяд, − кажа Мікіта Красноў.
Акрамя моладзевага актывіста позвы ў падатковую таксама атрымалі ягоныя бацькі. Яны мусяць з'явіцца на размову ў інспекцыю 14 кастрычніка. Паводле кампетэнтных крыніцаў, на якія спасылаецца Мікіта Красноў, шчыльная праверка ягоных выдаткаў і яшчэ аднаго актывіста раёну робіцца па распараджэнню спецслужбаў.
− Мяне ўжо тры месяцы не пакідаюць у спакоі. Распытвалі, на якія грошы я праводзіў моладзевыя сустрэчы. Хаджу ў падатковую як на працу. Нядаўна мне далі 230 тысяч штрафу за несвоечасовае з'яўленне ў падатковую, − дадае Мікіта Красноў.
Актывіст звязвае звышпільную ўвагу падаткавікоў са сваёй грамадска-палітычнай дзейнасцю, у прыватнасці з удзелам у выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў і публічнай заявай пра намер удзельнічаць у мясцовых выбарах у 2010 годзе.