viasna on patreon

Удзельніцы міжнароднай журналісцкай місіі адмовілі ў беларускай візе

2009 2009-09-22T16:06:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stopp.jpg

«Адной з удзельніц нашай місіі не далі беларускай візы — гэта факт, які варта ўлічваць», — з такога паведамлення распачалася раніцай 22 верасня сустрэча дэлегатаў міжнароднай журналісцкай місіі з рэдактарамі недзяржаўных беларускіх СМІ.

Візы не атрымала сябра арганізацыі Civil Rights Defenders (былога Шведскага Хельсінкскага камітэта) Яханна Кураш. Гэтага факту астатнія ўдзельнікі дэлегацыі не распаўсюджвалі ў першы дзень пасля прыезду — у спадзеве на тое, што ёй яшчэ дазволяць уезд у краіну. Паколькі 23 верасня візіт місіі заканчваецца, цяпер такіх спадзеваў ужо няма.

«Мы ведаем шмат пра існуючую сітуацыю, аднак будзем удзячныя, калі вы распавядзеце пра ваш досвед», — папрасіў беларускіх рэдактараў дырэктар па Еўропе Міжнароднай федэрацыі журналістаў Марк Грубер.

З беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі Анатоль Гуляеў — намеснік галоўнага рэдактара газеты «Товарищ» і старшыня Камісіі па этыцы БАЖ, Іосіф Сярэдзіч — заснавальнік, выдавец і галоўны рэдактар «Народнай волі», Васіль Зданюк — галоўны рэдактар газеты «СНплюс. Свободные новости плюс», Аляксандр Старыкевіч — галоўны рэдактар інтэрнет-газеты «Салідарнасць» і намеснік старшыні БАЖ, Уладзімір Янукевіч — галоўны рэдактар баранавіцкай газеты «Intex-press» і кіраўнік Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыі», а таксама Аляксей Кароль — шэф-рэдактар газеты «Новы час».

Іосіф Сярэдзіч распавёў пра сітуацыю, што склалася з нядаўняй спробай рэдакцыі выпусціць трэці на тыдзень нумар «Народнай волі».

«На мінулым тыдні мы абвясцілі, што дамо чытачам гэты трэці нумар, і ўступілі ў перамовы з нашымі партнёрамі. Друкарня сказала: надрукуем! Абласныя прадпрыемствы сістэмы „Саюздрук“, якія прымаюць і распаўсюджваюць наклады ў рэгіёнах, запэўнілі: няма праблем! Калі да выхаду нумару заставалася менш за двое сутак, мы атрымалі факс ад чыноўніка сталічнага „Белсаюздруку“: маўляў, няма магчымасці ўзяць наклад на распаўсюд. Між тым, гэтая ж арганізацыя курыруе і экспедыцыю па абласных цэнтрах!..»

Па словах І. Сярэдзіча, 15 верасня ён сустракаўся з гэтай нагоды з першай намесніцай міністра інфармацыі Ліліяй Ананіч, якая абяцала даць адказ у другой палове таго ж дня. «У другой палове дня ніякага адказу не было, а спн. Ананіч раптоўна з’ехала ў камандыроўку. Дырэктар РУП „Белсаюздрук“ Ігар Дудзіч таксама кудысьці з’ехаў. Такім чынам, выхад нумару сарваўся», — распавёў і. Сярэдзіч. (Гэтай тэме прысвечаны яго артыкул «Бервяно на дарозе» ў апошнім нумары «НВ»).

Яшчэ адной сур’ёзнай праблемай, па словах рэдактара, з’яўляецца немагчымасць кантраляваць колькасць спісаных кіёскамі «Саюздруку» асобнікаў выдання. І. Сярэдзіч сумняецца, што афіцыйныя лічбы, якія атрымлівае рэдакцыя, рэальныя.

Рэгіянальныя газеты практычна ніяк не адчулі працэсаў лібералізацыі, якія закранулі рэспубліканскую прэсу, - лічыць Уладзімір Янукевіч. 18 верасня адбылося чарговае пасяджэнне Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы, якая аб’ядноўвае 16 сацыяльна-палітычных рэгіянальных газет і 12 юрыдычных асобаў, якія выдаюць гэтыя газеты. «Мы вымушаныя былі прыняць звароты да Адміністрацыі прэзідэнта, Мінінфармацыі, Грамадскай каардынацыйнай рады па СМІ з просьбай спыніць дыскрымінацыю выдаўцоў і вярнуць недзяржаўную рэгіянальную прэсу ў нармальны распаўсюд».

Васіль Зданюк распавёў, што яго газета «СНплюс» не можа трапіць у падпісныя каталогі «Белпошты» ўжо на працягу 7 гадоў. Не дапамаглі тут і нядаўнія перамовы з кіраўніком грамадскай каардынацыйная рады па СМІ Паўлам Якубовічам, які, па словах В. Зданюка, абяцаў дапамагчы вырашыць гэтую праблему. «„Белпошта“ адказала адмовай, а ў прыватнай размове адзін з кіраўнікоў прадпрыемства наўпрост заявіў мне: пакуль ім не паступіць тэлефанавання ад „першых асобаў“ прэзідэнцкай адміністрацыі, не варта спадязвацца на перамены. Калі ж такое тэлефанаванне будзе, яны, маўляў, самі першыя на нас выйдуць».

«Вось і ўся дэмакратыя», — заўважыў на гэта Іосіф Сярэдзіч.

Аляксей Кароль, чыёй газеты «Новы час» няма ні ў падпісным каталогу, ні ў раздробным гандлі, не спыняўся на праблемах свайго выдання, а выступіў з абагульненнем сітуацыі: «Улада паставіла за мэту ўтрымаць СМІ на „кароткім ланцужку“. Гэта апошняя „лінія абароны“, каб утрымаць кантроль. Таму на лібералізацыю СМІ ўлада пойдзе ў самую апошнюю чаргу. А гэта ўжо будзе азначаць больш глабальныя перамены».

Пасля сустрэчы з рэдактарамі місія скіравалася ў Адміністрацыю прэзідэнта і на БТ. Частка дэлегатаў сустракалася з Першай намесніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч, частка — з кіраўніцтвам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі на чале з Аляксандрам Зімоўскім.

Брыфінг, на якім дэлегацыя папярэдне падсумуе вынікі візіту, мае адбыцца ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB) 23 верасня ў 16.00.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства