Царква "Новае жыццё" шукае падтрымкі ў Камітэце па правах чалавека ААН
9 верасня пратэстанцкая царква "Новае жыццё" звярнулася па падтрымку да спецыяльнага прадстаўніка па парушэнні правоў вернікаў Камітэта па правах чалавека ААН. Пратэстанцкая абшчына просіць тэрмінова ўмяшацца ў сітуацыю.
Як паведамляе БелаПАН, у звароце выкладзеная сітуацыя вакол абшчыны і акцэнтуецца ўвага на незаконнасці ўсіх судовых рашэнняў, вынесеных у дачыненні да царквы. Вернікі адзначаюць, што вычарпалі ўсе судовыя магчымасці краіны ў адстойванні сваіх правоў, выкладзеных у артыкуле 18 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які нароўні з большасцю чальцоў ААН падпісала і Беларусь.
Як растлумачыў юрыст царквы Сяргей Луканін, у выпадку, калі ўлады пайдуць на знос будынка, спецпрадстаўнік можа прапанаваць ураду Беларусі прыпыніць усе дзеянні па гэтай справе да разгляду ў Камітэце па правах чалавека ААН. Калі камітэт прызнае парушэнне правоў вернікаў, то ўлады краіны будуць абавязаныя іх аднавіць, а кіраўніцтва Міжнароднага валютнага фонду можа спыніць фінансаванне Беларусі, падкрэсліў юрыст.
Дарэчы, 9 верасня намеснік пракурора Маскоўскага раёна Мінску Кірыл Мазоўка склаў пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне на пастара царквы "Новае жыццё" Вячаслава Ганчарэнку. Падставай стала тое, што вернікі адмовіліся пускаць у храм прадстаўнікоў выканаўчай улады.
Нагадаем, што Мінгарвыканкам спрабуе адабраць у царквы будынак з кастрычніка 2005 года.