viasna on patreon

Швэдзкія праваабаронцы: Швэдзкі бізнэс не павінен “садзейнічаць рэпрэсіям у Беларусі”

2009 2009-09-08T14:03:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stopp.jpg

Швэдзкая праваабарончая арганізацыя Östgruppen зьвярнулася да міністра прамысловасьці Мода Улафсана з заклікам прыкласьці ўсе намаганьні дзеля таго, каб швэдзкі бізнэс “не садзейнічаў рэпрэсіям у Беларусі”.

Падставай для звароту праваабаронцаў стала заява кіраўніцтва тэлекамунікацыйнай кампаніі Telia Sonera, якая набыла праз турэцкую Turkcell акцыі беларускай кампаніі БеСТ.

Абапіраючыся на некаторыя зьвесткі, швэдзкія праваабаронцы лічаць, што беларускія ўлады з высокай верагоднасьцю выкарыстоўваюць тэлекамунікацыйныя сеткі, каб перахопліваць інфармацыю і назіраць за палітычнымі апанэнтамі, асабліва ў час выбараў. Östgruppen не выключае, што Telia Sonera можа садзейнічаць беларускаму рэжыму ў гэтым кірунку.

У сваім камэнтары, зьмешчаным у выданьні Svenska Dagbladet, кіраўнік аддзелу Telia Sonera па сувязях з грамадзкасьцю Цэцылія Эдстром адзначыла, што, увайшоўшы на рынак Беларусі, кампанія павінна выконваць законы, якія існуюць у гэтай краіне. Пры гэтым спадарыня Эдстром падкрэсьліла, што Telia Sonera ніколі не парушала і не зьбіраецца парушаць свае галоўныя прынцыпы — нулявую цярпімасьць да карупцыі і гарантыю высокай бясьпекі для кліентаў.

Паводле Östgruppen, нягледзячы на тое, што кіраўніцтва Telia Sonera абвяргае абвінавачаньні ў супрацоўніцтве кампаніі з дыктатурай, заяву Цэцыліі Эдстром усё ж варта трактаваць наступным чынам: “любая інфармацыя пра кліентаў апэратара можа быць перададзеная праваахоўным органам у адпаведнасьці з законам і судовымі рашэньнямі”. Ва ўмовах выбараў у Беларусі судовыя рашэньні могуць закрануць любога апанэнта рэжыму, лічаць швэдзкія праваабаронцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства