Сёння - Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў
Гэтая дата адзначаецца ў свеце з 1958 года, калі ў Бухарэсце адбыўся 4-ы кангрэс Міжнароднай арганізацыі журналістаў.
З таго часу мінула ўжо больш за паўстагоддзя. Але сэнс слова «салідарнасць» не змяніўся, як не знікла і патрэба ў журналісцкай салідарнасці.
Салідарнасць — гэта дзейная неабыякавасць, гатовасць падтрымаць і прыйсці на дапамогу. Часта — адзіны спосаб адстаяць свае інтарэсы.
Мы адчуваем сябе часткай міжнароднай журналісцкай супольнасці, бо бачым яе ўвагу і цікавасць да сваіх праблем. У канцы верасня ў Мінск збіраецца прыехаць місія прадстаўнікоў міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацый. Візіт адбудзецца пад эгідай Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў, асацыяваным сябрам якой з’яўляецца наша арганізацыя. БАЖ вітае прыезд місіі і спадзяецца на плён ад візіту.
Але не менш важна, каб мы, беларускія журналісты, адчувалі сябе прафесійнай супольнасцю і ўнутры краіны. Ніякая замежная місія не вырашыць усіх праблем, з якімі нам даводзіцца сутыкацца ў штодзённай працы. Не навучыць спачуваць адно адному ў бядзе і радавацца поспехам.
Будзем неабыякавымі. Будзем салідарнымі!