Ізноў Берасьце, ізноў затрыманьні
Затрыманыя ўчора ў Берасьці ўдзельнікі акцыі, прымеркаванай да 70-годзьдзя пачатку Другой сусьветнай вайны, адпушчаныя зь міліцыі без складаньня пратаколаў.
Як паведамляе БелаПАН, дзевяць ўдзельнікаў акцыі — актывістаў гарадской арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) былі затрыманыя 1 верасьня прыблізна ў 15.15 у мэмарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасьць-герой", куды яны прыйшлі ўшанаваць памяць загінулых у Другой сусьветнай вайне.
Каля Вечнага агню актывісты разгарнулі сьцягі партыі і Свабоднага прафсаюзу Беларускага, усклалі кветкі да Вечнага агню і хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць загінулых. Па шляху да ракі Буг, куды ўдзельнікі акцыі мелі намер апусьціць вянок з запаленай сьвечкай, да іх падышлі два супрацоўнікі міліцыі і папрасілі паказаць дакумэнты на сьцяг БСДП (Грамада). Паказаўшы дакумэнты, актывісты дайшлі да ракі і апусьцілі ў яе вянок. Да гэтага часу пад'ехаў міліцэйскі аўтамабіль. Удзельнікаў акцыі зноў папрасілі прад'явіць дакумэнты на сьцягі. Пасьля гэтага шасьцярых даставілі ў Ленінскі РАУС для высьвятленьня абставін.
Адзін з удзельнікаў акцыі да гэтага часу ўжо пасьпеў пайсьці. У жанчыны з дзіцём і мужчыны пасьля апэрацыі перапісалі дадзеныя, але іх не затрымалі.
У Ленінскім РАУС у затрыманых, сярод якіх былі намесьнік старшыні брэсцкай абласной структуры БСДП (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў і старшыня брэсцкай гарадзкой арганізацыі сацыял-дэмакратаў Ганна Канюс, узялі тлумачэньні і каля 17.45 адпусьцілі. "Мне сорамна, што ў нашай краіне, якая так пацярпела падчас Другой сусьветнай вайны, перасьледуюць тых, хто ўскладае кветкі ў памяць аб ахвярах гэтай страшнай вайны", — заявіла БелаПАН Ганна Канюс.
Паводле яе слоў, 1 верасьня падобныя памятныя мерапрыемствы, прысьвечаныя 70-годзьдзю пачатку Другой сусьветнай вайны, правялі рэгіянальныя актывісты БСДП (Грамада) у Баранавічах, Драгічыне, Белаазёрску і Пружанах. У гэтых населеных пунктах ніхто з удзельнікаў акцый затрыманы не быў.