viasna on patreon

Вернікі «Новага жыцця» не пусцілі інспектараў МНС для агляда храма

2009 2009-08-24T15:56:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/novaje_zhyccio.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пратэстанты працягваюць пратэставаць супраць рашэння менскіх уладаў забраць будынак царквы.

Юрыст царквы «Новае жыццё» Рэлігійнага аб’яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Луканін паведаміў БелПАН, што веруючыя царквы адмовілі інспектарам МНС у магчымасці праверыць будынак на адпаведнасць тэхніцы пажарнай бяспекі.
«Сёння раніцай дзяржаўныя інспектары МНС Яўген Манько і Кастусь Ерменовіч спрабавалі трапіць у царкву на падставе праверкі будынка на адпаведнасць тэхніцы пажарнай бяспекі, — сказаў Луканін. — Мы ім растлумачылі, што агульны збор вернікаў вырашыў не прапускаць у будынак старонніх у знак пратэсту».
Як паведамлялася раней, 22 жніўня сталічныя ўлады ўручылі прадстаўнікам абшчыны акт прыёмкі-перадачы будынка царквы, які знаходзіцца на вуліцы Кавалёва, 72, у Менску.
Пакуль, па словах Луканіна, судовыя выканаўцы ў будынак царквы не прыходзілі.
Грамадзянская справа паміж рэлігійнай абшчынай і Менгарвыканкамам па пытанні зносу будынка на вуліцы Кавалёва, 72, вялася з кастрычніка 2005 года. У студзені 2009 года Вышэйшы гаспадарчы суд пацвердзіў законнасць рашэння гарвыканкама аб канфіскацыі зямельнага ўчастка абшчыны з наступным выкупам будынка царквы за 37,5 млн. рублёў.
16 сакавіка ўлады ў пісьмовай форме прапанавалі вернікам абмеркаваць пытанне будаўніцтва ў раёне МКАД і вуліцы Шаранговіча новага будынка царквы на зямельным участку плошчай каля 0,4 га, які ў чатыры разы меншы за вылучаны раней. Аднак на агульным сходзе 5 траўня вернікі аднагалосна прагаласавалі супраць гэтай прапановы. Яны звяртаюць увагу на тое, што вырашэнне пытання аб вылучэнні абшчыне новага зямельнага ўчастка зойме да двух гадоў і запатрабуе ад царквы не меней за 100 тыс. даляраў ЗША, а на ўзвядзенне новага храма неабходна адшукаць ад 3 да 5 млн. даляраў.
20 жніўня пастары 50 евангельскіх цэркваў Беларусі звярнуліся да Лукашэнкі з просьбай урэгуляваць сітуацыю з будынкам менскай царквы «Новае жыццё».
25 жніўня ў амбасадзе Францыі ў Менску адбудзецца сустрэча дыпламатаў краін ЕЗ з прадстаўнікамі абшчыны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства