Суд аштрафаваў рэдакцыю "БДГ. Деловая газета" на 23 тысячы долараў
50 мільёнаў рублёў (больш за 23 тыс. долараў) з рэдакцыі выдання "БДГ. Деловая газета" і 5 млн. рублёў - з журналіста Сяргея Сацука пастанавіў спагнаць суд Кастрычніцкага раёна г. Мінска на карысць шараговага грамадзяніна. Такое рашэнне прыняла Суддзя Басько 30 верасня, часткова задаволіўшы зыск былога супрацоўніка АМАПу Сяргея Бядрыцкага.
Зыск аб абароне гонару, годнасці і кампенсацыі маральнай шкоды быў пададзены ў чэрвені 2005 г. і тычыўся публікацыі "Рекламная акция", якая з'явілася ў №70 ад 20 траўня 2003 г. У артыкуле, аўтарам якога выступаў Сяргей Сацук, распавядалася пра расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да двух чалавек, якія абвінавачваліся ў здзяйсненні шэрагу злачынстваў (адзін з іх - зыскоўца). Ён патрабаваў 100 мільёнаў з рэдакцыі *(УП "Марат") і 10 - з аўтара.
Разгляд справы пачаўся яшчэ ўлетку, але быў прыпынены з прычыны адсутнасці адваката зыскоўца. 29 верасня разгляд справы аднавіўся.
Суд часткова задаволіў зыскавыя патрабаванні: прызнаў апублікаваныя звесткі несапраўднымі, зневажальнымі для гонару і годнасці, абавязаў "БДГ" апублікаваць абвяржэнне напрацягу 30 дзён пасля ўступлення рашэння ў законную сілу, а таксама абавязаў рэдакцыю выплаціць зыскоўцу 50 млн. рублёў, а Сацука - 5 млн. рублёў. Пра гэта паведаміла ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" адвакат Ларыса Атаманчук, якая прэзентавала інтарэсы "БДГ" ў судзе.
Каментар старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жанны Літвіной:
"Апошнія падзеі вакол "Народнай волі" і "БДГ" абазначаюць, што для недзяржаўнай беларускай прэсы надышоў новы перыяд. Цынічныя падставы для скасавання дамоваў на друк і распаўсюд "Народнай волі" стаяць у адным шэрагу з сённяшнім амаральным рашэннем суда па "БДГ", які вызначыў беспрэцэдэнтных памераў штраф для газеты і журналіста. Пасля гэтых падзеяў разглядаць недзяржаўную прэсу як стройную сістэму, як самастойны інстытут грамадзянскай супольнасці проста не выпадае. Нас груба выштурхоўваюць з легітымнай інфармацыйнай прасторы, выпіхваюць у падполле, падштурхоўваюць да стварэння "нетрадыцыйных" форм працы СМІ. Але нават у такіх умовах мы павінныя працягваць выконваць свае прафесійныя абавязкі, звязаныя са зборам і распаўсюдам інфармацыі. За нас гэтага ніхто не зробіць", - зазначыла Ж. Літвіна.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"