Пракуратура папярэдзіла Анджэя Пісальніка
Сябра непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі, журналіст польскай газэты “Rzeczpospolita” Анджэй Пісальнік атрымаў папярэджанне пракуратуры Гарадзенскай вобласці.
Падставай для вынясення папярэджання сталі друкаваныя выданні непрызнаванай уладамі арганізацыі - газета “Glos znad Niemna na uchodzstwie” і часопіс “Magazyn Polski”, якія знаходзіліся ў аўтамабіле Анджэя Пісальніка і былі канфіскаваныя супрацоўнікамі праваахоўных ворганаў у чэрвені бягучага года пры здзяйсненні дагляду машыны. На думку пракуратуры, перавозка незарэгістраваных выданняў з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Анджэй Пісальнік падставы папярэджання бачыць зусім у іншых прычынах:
- Я лічу, што гэтыя захады з’яўляюцца спробай абмежаваць распаўсюд паланійных друкаваных выданняў. Гэта выглядае даволі дзіўным, бо на мой погляд трэба папярэдзіць некалькі тысяч кіроўцаў, каб яны не мелі ў аўтамабілях забароненых у краіне газет і часопісаў. Калі яны абралі такі шлях, то перад імі яшчэ вялікая праца.
Радыё Рацыя