Мікола Чарнавус папярэджаны за дабрачынныя абеды
Мікола Чарнавус атрымаў папярэджанне ад санітарна-гігіенічнай службы г. Баранавічы за правядзенне дабрачынных абедаў на рынку.
Па словах Міколы Чарнавуса, без праблем на рынку гандлююць абедамі і выпечкамі баранавіцкія грамадзяне. Калі паглядзець на гэта з іншага боку, ці не большай небяспецы падвяргаюць сваё здароўе спажывальнікі ягонага абеду – бамжы, калі рыюцца ў смеццевых баках.
Чарнавус гаворыць, што галоўны лекар чамусьці ўвесь час блытаў слова “раздаваў” са словам “прадаваў”. Прадпрымальнік упэўнены, што ягоныя абеды не нясуць небяспекі, бо сам ён прайшоў прафесійны шлях ад повара да загадчыка сталовай. Абед быў прыгатаваны з захаваннем усіх тэхналогіяў і санітарна-гігіенічных нормаў.
Галоўны лекар Баранавіцкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сяргей Плескацэвіч лічыць непрымальным правядзенне абедаў на рынку. Можна дамовіцца са сталовымі, дзе людзей будзе магчымасць пасадзіць і пакарміць.
Наступны дабрачынны абед спадар Чарнавус паспрабуе правесці ў сталовай, калі атрымае на гэта дазвол. А калі не атрымае, то звернецца за дапамогай да галоўнага санітарнага лекара Плескацэвіча.