КДБ спрабаваў завербаваць магілёўскага актывіста
Спроба вэрбоўкі кіраўніка магілёўскай філіі моладзевага грамадзкага аб’яднаньня “Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада” Паўла Усава адбылася 23 верасьня, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА. Актывіст якраз вярнуўся з паездкі ў Польшчу, дзе знаходзіўся на запрашэньне роднаснай арганізацыі для вывучэньня хады падрыхтоўкі парлямэнцкіх выбараў. Менавіта гэтая яго “камандзіроўка” і цікавіла чэкіста.
Каб заманіць вядомага ў горадзе актывіста на гутарку супрацоўнік КДБ прыдумаў цэлую камбінацыю. Невядомы чалавек па тэлефоне папрасіў у П. Усава кансультацыі ў пытаньні нібыта рэгістрацыі новай грамадзкай арганізацыі. Аднак слухаць парады па тэлефоне ён не захацеў, настойваючы на непасрэднай сустрэчы. У прызначаны час і ў прызначаным месцы ў цэнтры гораду да Усава з аўтамашыны выйшаў прыстойна апрануты малады чалавек з добрымі манэрамі і ўсьмешлівым тварам. Ён прапанаваў, каб не стаяць на вуліцы, сесьці ў аўтамашыну. Як толькі гэта адбылося, незнаёмец паказаў сваё службовае пасьведчаньне і папрасіў (як у “патрыёта сваёй краіны”) зусім іншую “кансультацыю”.
Супрацоўнік КДБ, калі верыць паказанаму пасьведчаньню, зьяўляецца старшым апэратыўным ўпаўнаважаным абласной управы КДБ Грыбайла. Ён прапанаваў Паўлу распавесьці аб ягонай паездцы ў Польшчу і ўвогуле падзяліцца інфармацыяй наконт таго, што думаюць пра Беларусь нашы замежныя суседзі. Усаў адмовіўся весьці зь ім размову і сыйшоў. Незадаволенаму апэратыўніку КДБ давялося зьехаць з месца апэрацыі па вярбоўцы з нічым. П. Усаў пасьпеў папярэдзіць Грыбайлу, што факт гэтай сустрэчы абавязкова стане вядомы незалежным СМІ.