viasna on patreon

Што хвалюе беларусаў свету?

2009 2009-07-21T12:20:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zbs.jpg
Фота Юліі Дарашкевіч

Фота Юліі Дарашкевіч

Куды толькi не закiнуў лёс нашых суайчыннiкаў у свеце! Iх сустрэнеш на ўсiх кантынентах. Як яны там жывуць? Што iх яднае i непакоiць? Адказы на гэтыя і iншыя падобныя пытаннi прагучалi на пятым з’ездзе беларусаў свету, якi прайшоў у мiнулыя выхадныя.

Колькi i дзе?

Колькi ж беларусаў у замежжы i ў якiх краiнах яны аселi? Дакладных даных не ведае нiхто. Прычына? Складанасць падлiку. Называюць лiчбы ад 2,5 да 3,5 мiльена чалавек. Вялiкая наша дыяспара — у ЗША i Канадзе. Адны кажуць, што там пражывае 600 тысяч беларусаў, другiя — каля мiльена.

275 тысяч нашых землякоў у Украiне, 130 тысяч — у Iзраiлi, каля 100 тысяч — у Казахстане, 50 тысяч — у Лiтве, па 20 тысяч — у Эстонii, Малдове, Аўстралii, па 7 тысяч — у Аргенцiне i Вялiкабрытанii…

— На жаль, большасць пасiўныя. У Iркуцкай вобласцi Расii жыве каля 50 тысяч беларусаў, але толькi адна тысяча з iх аб'ядналася ў нацыянальнае таварыства, — гаворыць яго кiраўнiк Алег Рудакоў. З выступлення Янкi Запруднiка са Злучаных Штатаў Амерыкi вынікае, што i там такая ж тэндэнцыя.

Тым не менш многiя нашы суайчыннiкi жывуць не толькi сваiмi штодзённымi турботамi, але i думкамi аб Бацькаўшчыне. Адзначаюць нацыянальныя святы, шануюць традыцыi, чым акрэслiваюць беларускую прысутнасць у свеце. Яны хочуць, каб Беларусь стала краiнай, якой можна было б ганарыцца. Яны жадаюць мець добрыя стасункi з Бацькаўшчынай: як эканамiчныя, так i культурныя, чалавечыя. I вось тут нямала прычын для неспакою.

Што непакоiць?

Каб мець добрыя стасункi з Радзiмай, трэба, каб яна мела добрую заканадаўчую базу. А вось яе i нестае. Большасць суседнiх краiн маюць адпаведныя заканадаўчыя акты, скiраваныя на падтрымку i супрацоўнiцтва са сваiмi дыяспарамi, што прыносiць станоўчыя вынiкi для гэтых нацый у цэлым. Да прыкладу, ва Украiне прыняты Закон "Пра прававы статус замежных украiнцаў".

Адсутнасць нарматыўна-прававой асновы працы нашай дзяржавы з беларусамi замежжа спрыяе асiмiляцыйным працэсам i ставiць пад пагрозу прысутнасць беларускай нацыi ў свеце.

Пачынаючы з Першага з'езда беларусаў свету (1993 г.), па даручэннi шматлiкiх арганiзацый беларусаў замежжа МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" ставiла пытанне перад дзяржавай аб неабходнасцi прыняцця закона аб беларусах замежжа.

Удзельнiкi Пятага з'езда беларусаў свету вымушаны канстатаваць: згаданы закон i дагэтуль не прыняты. Яны заклiкалi ўрад i Нацыянальны сход Рэспублiкi Беларусь неадкладна прыняць закон, якi б рэгуляваў стасункi Рэспублiкi Беларусь з беларусамi замежжа.

Няма ў Мiнску нават добрага Беларускага дома. Унiкальныя архiвы, дакументы, кнiгi, музейныя экспанаты, звязаныя з беларускай дыяспарай, якiя складаюць залаты фонд нацыянальнай гiсторыка-культурнай спадчыны, сёння вымушаны захоўваюцца ў непрыстасаваных для гэтага памяшканнях. Ужо некалькi год яны з'яўляюцца недаступнымi для даследчыкаў беларускага жыцця ў замежжы. I зноў вымушаны звяртацца са зваротам да ўлад аб вырашэннi праблемы.

Моцна непакоiць захаванне гiсторыка-культурнай спадчыны. Хоць тут i есць пэўныя зрухi да лепшага. З'езд вiтаў пачатак дыялогу прадстаўнiкоў улады з грамадскасцю па пытаннях аховы помнiкаў, стварэнне грамадскай назiральнай камiсii па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры, уключэнне герба "Пагоня" ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў… Пра многае зробленае ў гэтым плане дакладваў з'езду мiнiстр культуры Павел Латушка.

Аднак толькi за апошнiя два гады Беларусь страцiла сотнi гiстарычных архiтэктурных аб'ектаў, беззваротна страчаны забудовы гiстарычных цэнтраў Мiнска, Гродна, Брэста, iншых беларускiх гарадоў, iдзе руйнаванне шматлiкiх гiстарычных паселiшчаў…

Выцясняецца з ужытку родная беларуская мова. Аб ёй гаварыў амаль кожны выступоўца. Многiя казалi, што мова — адзiн з асноўных атрыбутаў дзяржавы, цэмент нацыi. Няма мовы — няма i дзяржавы! Шкада, што гэтага не разумеюць многiя чыноўнiкi. Выказвалiся прапановы надаць ёй статус адзiнай дзяржаўнай.

Звароты

У цэлым з'езд можна назваць з'ездам зваротаў... Як, дарэчы, i папярэднiя. Прыняты шэраг зваротаў да ўлад i грамадскасцi. Адзiн з iх наконт святкавання 600-ых угодкаў Грунвальдскай бiтвы, якiя будуць адзначацца 15 лiпеня 2010 года. У звароце адзначаецца, што Грунвальдская бiтва стала ўзорам баявой садружнасцi славян (палякаў, лiтвiнаў (беларусаў), украiнцаў у барацьбе за свабоду i незалежнасць, яна прыпынiла агрэсiю крыжаносцаў на беларускiя землi i мела выключнае значэнне для развiцця нашай краiны i Еўропы ў цэлым.

На сённяшнi дзень, на жаль, у адрозненне ад нашых суседзяў, подзвiг лiтвiнскiх (беларускiх) харугваў нiяк не ўвекавечаны нi на полi бiтвы, нi ў Беларусi. Таму ўнесены прапановы стварыць дзяржаўна-грамадскi камiтэт па падрыхтоўцы святкавання Грунвальдскай бiтвы, устанавiць у цэнтры Мiнска помнiк — манумент у гонар мужнасцi i стойкасцi нашых продкаў у барацьбе за свабоду i незалежнасць Бацькаўшчыны на Грунвальдскай бiтве, аб'явiць адпаведны конкурс на лепшае выкананне помнiка. Прапанавана таксама надаць iмя "Грунвальдская" вулiцам i плошчам у Мiнску, а таксама ў тых гарадах, харугвы якiх прымалi ўдзел у Грунвальдскай бiтве з устаноўкай мемарыяльных дошак.

Прыняты звароты да дзяржаўных органаў i грамадскасцi "Аб беларускай мове", аб падтрымцы беларускамоўных СМI… У вынiковай рэзалюцыi выказана патрабаванне да ўлад аб рэфармаваннi дзяржаўнага ладу краiны ў адпаведнасцi са стандартамi, прынятымi ў Еўрапейскiм Саюзе. Кiраўнiком Мiжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" абрана Алена Макоўская.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства