У беларускамоўнай школе пачаткоўцаў перавялі на расейскамоўнае навучаньне
З пачаткам навучальнага году ў беларускамоўнай Вуцеўскай сярэдняй школе Добрускага раёну пачаткоўцаў сталі навучаць на расейскай мове. Колькасьць школьнікаў у рэгіёне, якія навучаюцца па-беларуску, з кожным годам скарачаецца.
Вуцеўская сярэдняя школа ў Добрускім раёне была да апошняга часу адной зь дзьвюх школаў, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску. І вось цяпер сітуацыя зьмянілася. Апавядае настаўнік гэтай школы Адам Варанец: “У нашай школе ў гэтым годзе перавялі першую і другую клясы на расейскую мову навучаньня. Галоўная таму прычына, што дзеці, якія заканчваюць беларускамоўную школу, ня маюць далей магчымасьці працягваць вучобу на беларускай мове. Калі яны паступаюць, то здаюць экзамэны на расейскай мове. І далей навучаюцца па-расейску. Калі б быў адкрыты хаця б адзін беларускамоўны ўнівэрсытэт, была б магчымасьць дзецям працягваць навучаньне на беларускай мове. Гэта была б нармальная зьява для Рэспублікі Беларусь”.
Дырэктарка школы Вольга Раманенка распавяла карэспандэнту радыё Свабода, што настаўнікі ў свой час шмат сілаў прыклалі, каб пераканаць бацькоў у неабходнасьці навучаньня на роднай мове, але ж пры паступленьні ў навучальныя ўстановы аказваецца, што ніякіх беларускамоўных групаў там не існуе. Дзеці такім чынам там перавучваюцца па-расейску, і гэта, канечне, вельмі цяжка псыхалягічна для іх.
З падобнымі праблемамі сутыкаюцца тысячы школьнікаў, што навучаюцца па-беларуску.
Зьведваюць цяжкасьці і самі настаўнікі. Бракуе беларускамоўнай мэтадычнай літаратуры. Нават падручнікамі беларускамоўныя школы забясьпечваюцца ў апошнюю чаргу.
Афіцыйна ў Гомельскай вобласьці беларускамоўных школак налічваецца на паўсотні болей, чымсьці расейскамоўных. Але гэта ў асноўным малакамплектныя вясковыя школкі, якія да таго ж дзясяткамі закрываюцца кожнае лета. Як вынік, цяпер у рэгіёне па-расейску навучаецца каля 150 тысяч школьнікаў, па-беларуску — блізу 35 тысяч дзяцей.