Горадня: суд адмяніў штрафы за падтрымку Аўтуховіча
14 чэрвеня абласны суд Гарадзенскай вобласьці адмяніў рашэньне Ваўкавыскага раённага суда па справе 8 сябраў АГП, якія правялі акцыю ў падтрымку Аўтуховіча і былі асуджаныя. Справу адправілі на перагляд.
Суд адбыўся 8 чэрвеня. Юр’ю Істоміну прысудзілі 20 базавых велічынь за ўдзел у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, шасьці ўдзельнікам — па дзьве базавыя велічыні. Суд над яшчэ адным актывістам не адбыўся.
У ваўкавыскім судзе, са слоў спадара Істоміна, ніхто не прызнаў сябе вінаватым на той падставе, што ніякага масавага мерапрыемства не было, а сябры АГП папросту інфармавалі грамадзян Ваўкавыску пра тое, што іх зямляк знаходзіцца за кратамі і ў ягонай справе не вядуцца сьледчыя дзеяньні.
Сьведкі, якіх ніхто ня бачыў падчас акцыі, са слоў Істоміна, так і не маглі патлумачыць суду, у чым палягала падтрымка Аўтуховіча.
Самае істотнае, на думку Істоміна, высьветлілася ў працэсе разгляду. Выявілася, што міліцыянты апытвалі сьведкаў празь некалькі дзён і ўпісвалі іхнія сьведчаньні ў пратаколы, якія ўжо былі падпісаныя затрыманымі.
Нягледзячы на прысуд, актывісты АГП адразу напісалі скаргу ў абласны суд.
Нагадаю, што сябры АГП былі затрыманыя 16 траўня за тое, што арганізавалі насупраць цэнтральнага рынку ў Ваўкавыску ланцуг неабыякавых людзей і трымалі ў руках партрэты Мікалая Аўтуховіча.