viasna on patreon

Прысуды з абмежаваннем волі маладым антыфашыстам

2009 2009-07-15T11:00:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Суд Маскоўскага раёна горада Брэста пакараў трох маладых людзей, якія нібыта ўчынілі бойку ў аўтобусе. Прадстаўнікі Хельсінкскага камітэта ў Брэсце кажуць: справа курыравалася КДБ.

Дзмітрый Казлянка, Віталь Астапюк і Ўладзімір Дударга да апошняга не прызнавалі сваёй віны. Але на судовым паседжанні 14 ліпеня ўсе тры хлопцы атрымалі год з паловай абмежавання волі. Па амністыі ў гонар 65-годдзя Перамогі над фашыстамі год спісалі. З асуджаных узятая падпіска пра нявыезд.

Прысутны на судзе сябра маладзёнаў сказаў:

– Сёння быў нават дзяржаўны абвінаваўца, маёр, хоць суд па дробным хуліганстве. Якога не было, дарэчы. Усё грунтуецца на паказаннях пацярпелых.  А іх чамусьці не было ні на гэтым паседжанні суда, ні на папярэдніх. Тыя пацярпелыя заўважаныя ў большых хуліганскіх дзеяннях. Яны, здаецца, фанаты брэсцкага “Дынама”. А такія, як правіла, самі нападаюць на людзей, падобных да маіх сяброў.

Сябра Хельсінкскага камітэта Валянцін Лазарэнкаў патлумачыў:

– За Дзіму  яны ўзяліся, таму што ён другі раз не пайшоў на размову ў КДБ. Яму параілі: няхай пісьмова выклікаюць. Дык службісты пачалі шукаць магчымасць яго пасадзіць. Хлопец, якога яны нібыта “пакрыўдзілі”, са скінхэдаў, іх цэлая групоўка там. Ён на чале банды. Мянушка “Касуха”. Іх нацкоўваюць на моладзевых “нефармалаў”. З гэтых апошніх за леташнюю восень і зіму пятнаццаць чалавек былі афіцыйна папярэджаныя КДБ, каб не ўдзельнічалі ў антыфашыстоўскай дзейнасці.

Спадар Лазарэнкаў асабліва націскае на забаронены канцэрт “Антыфа” 10 траўня і пабоішча ў гарадскім парку:

– Бойка ў парку была, і там завадатарам быў скінхэд з Кавалёўкі, Южнік, хуліган, якога міліцыя заўсёды пакрывала. І нават тады, калі ён арганізаваў гэтую бойку, 50 чалавек білі пры міліцыі ўсіх астатніх – нікога нават суткамі не пакаралі, ні адмістрацыйна, ніяк. Антыфашыстаў, усіх, хто прыйшоў у парк на заяўлены канцэрт, міліцыя адсочвае і прэсуе як нефармальныя маладзёвыя групоўкі.

Паводле адваката асуджаных, справа будзе абскарджаная ў абласным судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства