viasna on patreon

У Гомелі затрымалі журналіста

2009 2009-07-08T13:43:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zabaronena.jpg

Раніцай 8 ліпеня ў Гомелі затрымалі незалежнага журналіста, сябра ГА «БАЖ» Алега Ражкова.

 

Як распавяла прэс-службе БАЖ яго калега Таццяна Бублікава, журналісты асвятлялі вулічную акцыю прадпрымальнікаў у цэнтры Гомеля. Алег Ражкоў здымаў падзеі на відэакамеру, а ў перапынках складаў апаратуру ў сваю сумку.

 

Раптам да журналістаў падышлі два чалавекі ў цывільным, вельмі хутка прад’явілі нейкія пасведчанні і загадалі Алегу Ражкову паказаць, што ў яго ў сумцы. Убачыўшы камеру, яны заявілі, што гэтая апаратура знаходзіцца ў вышуку, і загадалі ехаць з імі ў абласное ўпраўленне ўнутраных спраў.

 

Таццяна Бублікава, якая па ўласным жаданні суправадзіла Алега Ражкова ў міліцэйскі пастарунак, не выключае, што справа можа скончыцца выманнем  апаратуры ці, прынамсі, касеты. Па яе словах, наяўнасць у затрыманага журналісцкага пасведчання міліцыю не цікавіла.

 

Як паведаміў ёй па тэлефоне сам А. Ражкоў, які знаходзіцца на допыце, зараз міліцыянты (следчы Яўген Гурыновіч) складаюць на яго пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні — нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Журналіст не выключае, што пасля гэтага будзе складзены пратакол вынятку відэакасеты з запісам акцыі.

 

Намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец лічыць, што міліцыя парушыла правы журналіста на ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці, гарантаваныя арт. 34 закона «Аб СМІ». Ён параіў Ражкову засведчыць гэты факт ва ўсіх пратаколах і актах, якія будзе падпісваць, і пакінуць запіс у кнізе заўваг і прапаноў, а надалей абскарджваць дзеянні міліцыянтаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства