Міхаілу Марынічу адмоўлена ў датэрміновым вызваленьні
22 верасьня камісія менскай калёніі №1 у пытаньнях умоўна-датэрміновага вызваленьня зноў разгледзела справу Міхаіла Марыніча і паўторна адмовілася датэрмінова вызваліць яго.
Гэтую навіну Радыё Свабода паведаміла жонка Міхаіла Марыніча Тацяна: “На жаль, ніякія абставіны не былі ўлічаныя. Ні стан ягонага здароўя, ні ягоныя добрыя паводзіны. Я пасьля гэтага размаўляла з адміністрацыяй калёніі. Яны сказалі, што паводзіны ў яго добрыя, да яго няма прэтэнзіяў. Тым ня менш, было прынятае вось такое рашэньне”.
Паводле Тацяны Марыніч, неўзабаве адвакат падасьць заяву аб умоўна-датэрміновым вызваленьні Марыніча паводле стану здароўя. У турме былы міністар і амбасадар перанёс інсульт, у яго рэзка пагоршыўся зрок.
У менскай калёніі №1 рашэньня камісіі аб умоўна-датэрміновым вызваленьні не камэнтуюць.
Летась у красавіку Міхаіл Марыніч быў арыштаваны і пазьней асуджаны на 3,5 гады зьняволеньня за крадзеж маёмасьці. Сваёй віны Міхаіл Марыніч не прызнаў. Ён тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.